Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
viasna@spring96.org,
Інтэрнет сайт: www.spring96.org
Праваабарончы цэнтр «Вясна» -- няўрадавая праваабарончая арганізацыя, створаная ў красавіку 1996 году падчас масавых акцыяў пратэсту дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, якая пасьля арыштаў удзельнікаў дэманстрацыяў займалася дапамогай арыштаваным і іх сем’ям. Таму першапачаткова арганізацыя мела назву “Вясна-96”. 15 чэрвеня 1999 году арганізацыя была зарэгістраваная як Грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Уяўляе сабой рэспубліканскае аб’яднаньне з цэнтрам у г.Менску і рэгіянальнымі арганізацыямі ў большасьці буйных гарадоў Беларусі. Па ўсёй краіне колькасьць сябраў складае каля 200 чалавек. Асноўныя паўнамоцтвы па кіраваньні арганізацыяй належаць Радзе і Старшыні Рады, якія абіраюцца на Агульным сходзе.
Рашэньнем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 28 кастрычніка 2003 году за ўдзел у назіраньні пад час прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. Грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” было безпадстаўна пазбаўленае дзяржаўнай рэгістрацыі, а 6 сакавіка 2004 году ПЦ “Вясна” быў прыняты ў Міжнародную Федэрацыю Правоў Чалавека (FIDH).
Асноўнай мэтай дзейнасьці Праваабарончага цэнтру “Вясна” зьяўляецца:
- садзейчаньне фармаваньню грамадзянскай супольнасьці, заснаванай на павазе да правоў чалавека, якія вынікаюць з Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
Задачы Праваабарончага цэнтру “Вясна”:
- практычная дапамога ў рэалізацыі грамадзкіх ініцыятываў, зьвязаных з прававой абаронай грамадзянаў;
- вывучэньне стану грамадзкай супольнасьці і прававой абароны ў Рэспубліцы Беларусь;
- папулярызацыя грамадазнаўчых і прававых ведаў;
- дэмакратычна-прававая адукацыя грамадзянаў;
- падтрымка грамадзкіх ініцыятываў у праваабрончай дзейнасьці;
- спрыяньне духоўнаму і культурнаму адраджэньню беларускай дзяржавы, што зьяўляецца падмуркам павагі да правоў чалавека.
Метады дзейнасьці Праваабарончага цэнтру “Вясна”:
- збор інфармацыі пра ход фармаваньня грамадзянскай супольнасьці і стан прававой культуры ў Рэспубліцы Беларусь;
- арганізацыя і правядзеньні адукацыйных сустрэчаў, канферэнцый, лекцый, круглых сталоў, у тым ліку для сяброў Праваабарончага цэнтру “Вясна”;
- арганізацыя грамадазнаўчых дасьледваньняў, маніторынгаў стану забесьпячэньня правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, садзейнічаньне ў выкананьні міжнародных дамоваў па правах чалавека, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь;
- выданьне і распаўсюджаньне ўласных інфармацыйных, навуковых і іншых праваабрончых матэрыялаў;
- падтрымка кантактаў з усімі галінамі ўлады і дэпутатамі ўсіх узроўняў, з грамадскімі, гаспадарчымі, навуковымі і навучальнымі арганізацыямі і ўстановамі;
- аказаньне неабходнай дапамогі асобам, якія зьвярнуліся ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”
“Вясна” зьяўляецца сябрам:
- FIDH (Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека)
- ENEMO (Міжнароднага аб’яданьня па арганізацыі назіраньня за выбарамі)
- Працоўнай групы няўрадавых арганізацый СНД па папярэджаньні і ўрэгуляваньні канфліктаў.
- Асамблеі няўрадавыых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
Міжнародныя і замежныя партнёрскія арганізацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна”:
- Міратворчая арганізацыя “Svenska Freds” – “За мір і арбітраж” (Швецыя, Стакгольм);
- Адукацыйны цэнтр «Польшча-Беларусь» (Польшча, Беласток);
- Шведскі фонд Emnesty Internationalё;
- Інстытут правоў чалавека (Расія, Масква);
- «Чалавек у нядолі” (Чэхія, Прага);
- Польскі Хельсінкскі фонд па правах чалавека;
- Швецкі Хельсінкскі камітэт па правах чалавека;
- Нарвежскі Хельсінкскі камітэт па правах чалавека;
- FIDH (Міжнародная Федэрацыя правоў чалавека);
- ENEMO (Еўрапейскае міжнароднае аб’яднаньне па арганізацыі назіраньня за выбарамі;
- IDEE (Вашынгтон);
- Міжнародная Амністыя;
- Дом правоў чалавека (Нарвегія);
- Віленскі цэнтр грамадзкіх ініцыятываў “Дэмакратыя для Беларусі” (Літва)








