Навіны за 27 верасьня 2007
Суд Маскоўскага раёну Берасьця аштрафаваў грамадзкага актывіста Рамана Кісьляка на 2 базавыя велічыні
Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе 19 жніўня. Сходам суд палічыў прэзэнтацыю кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. Гэта ўжо другі суд над Раманам Кісьляком. Раней пратакол пра яго затрыманьне суд палічыў недакладным і вярнуў у аддзел міліцыі Маскоўскага раёну Берасьця.
Зноў падоўжана сьледзтва па справе зьнікненьня генерала Захаранкі
Сьледзтва працягнутае яшчэ на 3 месяцы, да 24-га сьнежня. Пра гэта праваабаронцу Алегу Воўчаку паведамілі з пракуратуры Менска. У лісьце з пракуратуры не ўдакладняецца, якія сьледчыя дзеяньні праводзяцца па гэтай справе.
Сёньня ў Баранавічах пасля 17 сутак арышту выйшаў на свабоду моладзевы лідэр Павал Севярынец
Паплечнікі і сябры Паўла Севярынца сабраліся каля Баранавіцкай турмы, каб сустрэць палітыка. Але супрацоўнікі Баранавіцкай турмы вывезьлі Паўла Севярынца ў Івацэвічы за гадзіну да заканчэньня тэрміну зьняволеньня.
Студэнт і моладзевы актывіст Яўген Скрабутан асуджаны на пяць сутак арышту па абвінавачаньні ў нецэнзурнай лаянцы.
Скрабутан быў затрыманы 25 верасьня, калі пры вобшуку ў яго былі знойдзены налепкі і ўлёткі да «Эўрапейскага маршу», заплянаванага на 14 кастрычніка.
Улады ня хочуць, каб грамадзтву стала вядомая праўда пра массавыя рэпрэссіі мінулых гадоў
Гомельская абласная суполка Партыі камуністаў Беларуская, абласная арганізацыя АГП і Рада гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ атрымалі адказ ад старшыні абласнога Савету дэпутатаў Сіліцкага В.С. на сваю прапанову ўтварыць грамадзкую камісію у сувязі з правядзеньнем раскопак рэшткаў пахаваньня на тэрыторыі Гомельскага раёну. У дакуменце сказана, што паколькі знойдзеныя фрагменты астанкаў перададзеныя ў пракуратуру для правядзеньня судова-медыцынскай экспертызы з наступным узбуджэньнем крымінальнай справы, то няма неабходнасьці стварэньня такой камісіі.
Актывістаў Моладзі БНФ, якія ўдзедьнічалі ў летніку, пакуль не засудзілі
27 верасьня а 12-ай у судзе Маскоўскага раёну горада Менску адбыўся разгляд адразу трох справаў у дачыненьні да актывістаў “Моладзі БНФ”. Па-ранейшаму маладзёнаў афіцыйна судзяць за “дробнае хуліганства”, г. зн. за ўдзел у летніку МБНФ пад Івацэвічамі.
Андрэй Шарэнда зьняволены на 15 сутак за ўдзел у прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца
26 верасня суддзя суда Маскоўскага раёна Берасця Вольга Смiрнова пакарала актывiста Руху "За свабоду" Андрэя Шарэнду арыштам тэрмiнам на 15 сутак "за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе", якiм мiлiцыянты палiчылi прэзентацыю кнiгi Паўла Севярынца "Лiсты з лесу", што адбылася 19 жнiўня.
Міліцыя палюе на апошні нумар “Товарища”
Сёння раніцай з офісу рэдакцыі недзяржаўнай газеты “Товарищ” міліцыянты забралі каля 10 тысяч асобнікаў апошняга нумару выдання, які быў прысвечаны запланаванай на 30 верасня грамадзянскай акцыі – Сацыяльнаму маршу.
25 верасьня па крымінальнай справе "Маладога фронту" быў дапытаны ў якасьці сьведкі Тэльман Маслюкоў.
Допыт праводзіўся ў міжраённым аддзяленні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Падчас допыту Маслюкоў не пагадзіўся з фармулёўкай "незаконная друкаваная прадукцыя" – такое вызначэнне супрацоўнікі КДБ спрабавалі ўключыць у паказанні ў дачыненні да выданняў, якія знайшлі ў жыхара Светлагорска Арсеня Ягорчанкі.










