Навіны за 4 кастрычніка 2007
Збой у рабоце сайту “Вясны” ліквідуецца
Па тэхнічных прычынах сайт праваабарончага цэнтру “Вясна” быў заблякаваны з апоўдня 3 кастрычніка да апоўдня 4 кастрычніка. Зараз ідзе яго наладка, таму выбачаемся за магчымыя збоі пад час яго прагляду.
Дэмакратычныя актывісты пакараныя штрафам у памеры 2 базавыя велічыні
Сёньня адбыўся працяг судоў над актывістамі моладзі БНФ, якія былі затрыманы падчас летніка ў Косава 17-19 жніўня. Актывістаў Паўла Краўчанку і Сяржука Клюева суды пакаралі штрафам па 2 базавыя велічыні. Гэта першыя з шаснаццаці судоў над моладзьзю БНФ, якія адбыліся. Ранейшыя працэсы адкладаліся і пратаколы адпраўляліся на дапрацоўку.
Азарку Насту ізноў аштрафавалі
Актывістка маладзёжнай дэмакратычнай апазіцыі Анастасія Азарка 3 кастрычніка аштрафавана судом Нясвіжскага раёна на 31 базавую велічыню (961 тысячу беларускіх рублёў). Суд прызнаў яе вінаватай у парушэнні артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі — дробным хуліганстве, учыненым 25 жніўня. Пра гэта БелаПАН паведаміў апазіцыйны палітык Павел Севярынец.
Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу Паўла Севярынца
Павел Севярынец абскарджваў рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста, які прыгаварыў палітыка да 15 сутак арышту “за парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года”.








