Навіны за 25 кастрычніка 2007
2 лістапада ў Цэнтральным судзе Гомеля працягнецца разгляд пазову студэнта-выдатніка Зьміцера Жалезьнічэнкі
Судовае паседжаньне пачалося 25 кастрычніка. Беспадстаўна адлічаны з універсітэту імя Ф.Скарыны студэнт Зьміцер Жалезьнічэнка спрабуе праз суд аднавіцца ў навучальнай установе.
Супрацоўнікам “Народнай волі” ня ставяць дазвольны штамп для выезду за мяжу?
Супрацоўнікам незалежнай газэты “Народная воля” каля трох тыдняў ня ставяць гэтак званы дазвольны штамп для выезду за мяжу. У аддзеле па грамадзянству і міграцыі затрымку тлумачаць тым, што дакумэнты работнікаў гэтага выданьня пільна правяраюць у Камітэце дзяржаўнай бясьпекі.
Моладзевага актывіста Андрэя Цянюту прымусілі прайсьці псіхіятрычную экспертызу
25 кастрычніка Андрэя Цянюту выклікалі ў мясцовае КДБ па крымінальнай справе за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт", па якой ён праходзіць падазраваным. Адкуль яго адвезлі ў псіхіятрычны шпіталь пад Гомелем, каб праверыць яго псіхіятрычнай эксьпертызы. Вызваліўся актывіст толькі ўвечары.
Магілёўскі абласны суд не задаволіў касацыйнай скаргі намесьніка старшыні гарадзкой суполкі Партыі БНФ Зьмітра Салаўёва.
Напярэдадні Эўрапейскага маршу Зьмітра арыштавалі паводле абвінавачаньня ў непрыстойных паводзінах. Зьміцер Салаўёў у абласным судзе спрабаваў давесьці, што судзьдзя Ірына Сарока пакарала яго на падставе сфабрыкаванага пратаколу ды непраўдзівых тлумачэньняў сьведак. Сваё затрыманьне Зьміцер Салаўёў назваў палітычна матываваным.
Уладзімір Хільмановіч: “Права на памяць нам дадзена Богам і гісторыяй”.
Выйшаў з друку “Беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень”. Пад адной вокладкай укладальнік кніжкі гарадзенскі гісторык і грамадскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч сабраў славутыя і трагічныя даты айчыннай гісторыі, адметныя падзеі і з’явы, дні нараджэння і смерці беларускіх дзяржаўна-палітычных, рэлігійных і культурных дзеячаў, знакамітых людзей, якіх лёс звязаў з беларускай зямлёй і тых, што апынуліся за межамі роднай краіны, асобаў, што ў розных сферах праславілі Беларусь, паўстанцаў розных нацыянальна-вызвольных чынаў і сціплых малавядомых рупліўцаў беларушчыны, імёны якіх не змяшчаюць дзяржаўныя энцыклапедычныя выданні.








