Навіны за 24 чэрвеня 2008
Праваабаронца Алесь Бяляцкі правёў перамовы з старшынём дэлегацыі Еўрапарламенту па стасунках з Беларусьсю Яцэкам Пратасевічам
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, старшыня зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі 23 чэрвеня знаходзіўся з візітам ў Брусэлі. Вядомы беларускі праваабаронца сустракаўся са старшынём дэлегацыі Еўрапарламенту па стасунках з Рэспублікай Беларусь спадаром Яцэкам Пратасевічам, з прадстаўніцтвамі ў Еўразьвязе такіх краін як Фінляндыя, Нямеччына, Венгрыя, Францыя. Трэба дадаць, што неўзабаве Францыя ачоліць Раду краінаў Еўразьвязу на бліжэйшыя паўгады.
Рух не будзе вылучаць кандыдатаў
Адзін з лідэраў стваранага Руху “За Свабоду” Віктар Карняенка заявіў, што Рух будзе ўдзельнічаць у кампаніі АДС “За свабодныя і справядлівыя выбары”, але вылучаць сваіх кандыдатаў не будзе.
Ганна Антонава пацярпела за свае хрысьціянскія перакананьні
Хрысціянскую дэмакратку Ганну Антонаву адлічылі з БДПУ ім. Максіма Танка, 1 курса факультэта беларускай філалогіі і культуры, за тое, што студэнтка ад свайго імя напісала заяву на правядзенне пікету ў падтрымку палітзьняволенага А.Казуліна. Адказ чамусьці прыйшоў не ёй, а намесніцы дэкана Ганчаровай-Цынкевіч Таццяне Уладзіміраўне.
За праект "Аб СМІ" прагаласавалі 96 дэпутатаў, супраць былі толькі 2
Праект закона "Аб СМІ" ў другім чытанні прыняты ў Палаце прадстаўнікоў 24 чэрвеня. Як паведамляе "Інтэрфакс", яго падтрымалі 96 парламентароў, супраць выказаліся толькі 2. Нагадаем, па выніках першага чытання на мінулым тыдні супраць праекту прагаласаваў адзін дэпутат.
На Слонімшчыне ўшанавалі памяць паўстанцаў
22 чэрвеня ў вёсцы Парэчча, што ў Слонімскім раёне, адбылося ўшанаванне памяці Міхала Валовіча і ягоных паплечнікаў – паўстанцаў 1830-33 гадоў, якія былі пакараныя сьмерцю. Культурна-асьветніцкая акцыя сабрала каля паўсотні грамадзка-палітычных актывістаў і краязнаўцаў Гарадзеншчыны. Колькі гадоў таму ў Парэччы быў усталяваны памятны крыж, які некалькі разоў зьнішчаўся вандаламі на загад сённяшніх уладаў.
Чакаецца старт выбарчай кампаніі
Чакаецца, што 24 чэрвеня пачнецца выбарчая кампанія ў парлямэнт, і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымуць законапраект аб СМІ ў другім чытаньні.








