Навіны за 1 жніўня 2008
5 жніўня адбудзецца прэзентацыя рускай версіі справаздачы Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў
У той час, як становішча праваабаронцаў значна пагаршаецца ў Еўропе і асабліва на тэрыторыі Садружнасці Незалежных Дзяржаваў (СНД), Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (FIDH) і Сусветнай Арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), апублікавала рускую версію часткі сваёй гадавой справаздачы за 2007 год, прысвечаную гэтаму рэгіёну.
Чым бліжэй выбары, тым мацнейшы ўціск
З набліжэннем парламенцкіх выбараў у Беларусі ўзмацняецца ўціск на ўдзельнікаў выбарчай кампаніі і ўвогуле на дэмакратычных актывістаў з боку як праваахоўных органаў, гэтак і фінансавай выведкі ды падаткавых інспекцыяў.
Чарговы крок – участковыя выбаркамы
У часе сёньняшняе прэсавае канфэрэнцыі, якая адбылася ў сядзібе Беларускага народнага фронту, лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў падсумавалі вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў з адзінага сьпісу АДС на парлямэнцкія выбары й распавялі пра наступныя крокі апазыцыі ў часе выбарчай гонкі.
Ці падпісаў кіраўнік дзяржавы закон «Аб СМІ»?
Даведацца ў прэс-службе кіраўніка краіны, ці падпісаў прэзідэнт законапраект «Аб сродках масавай інфармацыі», аказалася немагчыма. Між тым, па падліках юрыстаў, двухтыднёвы тэрмін, адпушчаны Канстытуцыяй на прыняццё такіх рашэнняў, ужо скончыўся.
Супрацоўнікі КДБ дапытваюць пра выбух у Менску былога намесьніка старшыні Смаргонскай Моладзі БНФ
31 ліпеня былога намесьніка старшыні Смаргонскай суполкі Моладзі БНФ, Жаромскага Вадзіма, забралі з працы і адвезьлі ў аддзел Смаргонскага КДБ, дзе пад пратаколам узялі тлумачэньне адносна тэракту 3 ліпеня, а пасьля ўзялі адбіткі пальцаў у будынку міліцыі.
У журналіста з Ліды ўзялі адбіткі пальцаў
30 ліпеня ў галоўнага рэдактара газеты Таварыства беларускай мовы «Наша слова» (Ліда), сябра ГА «БАЖ» Станіслава Судніка ўзялі адбіткі пальцаў па справе аб выбуху ў Мінску 4 ліпеня. Яго выклікалі ў мясцовае аддзяленне КДБ, дзе задавалі «дзяжурныя пытанні».
Барысаўскі райвыканкам рыхтуе інфармацыйныя сустрэчы падчас правядзеньня выбарчай кампаніі
У інтэрв'ю карэспандэнту мясцовага радыё (перадача транслявалася 31 ліпеня і 1 жніўня) намесьнік старшыні Барысаўскага райвыканкама Валянціна Шутко паведаміла, што ў бліжэйшы час адбудуцца інфармацыйныя сустрэчы, на якіх супрацоўнікі райвыканкама распавядуць "аб асноўных тэндэнцыях будучага парламента, як ён працуе, для чаго ён нам патрэбны".
Арыштаваны адзін з лідэраў Асіповіцкага Маладога Фронту Арцем Дубскі.
Арцем паспеў патэлефанаваць падчас затрыманьня намесьніку старшыні Маладога Фронту Артуру Фінькевічу і паведаміць, што супрацоўнікі міліцыі прыехалі да яго з кайданкамі і вязуць у РАУС. Міліцыянты паведамілі Арцему, што ен затрыманы па падазрэнні ў зьдзяйсненьні злачынства, прадугледжанага артыкулам 216 Крымінальнага кодэксу (“Причинение имущественного ущерба без признаков хищения”) , які прадугледжвае пакараньне ад штрафу да пазбаўленьня волі тэрмінам да трох гадоў.
Гомель: Пракуратура абяцае разабрацца з фактамі ціску на членаў ініцыятыўнай групы Канстанціна Жукоўскага
Аб гэтым гаворыцца ў дакуменце Пракуратуры Цэнтральнага раёна г. Гомеля, які 30 ліпеня атрымаў Канстанцін Жукоўскі - прэтэндэнт на дэпутацкі мандат па 38-ай Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе.
Гомель: Пётр Кузняцоў збіраецца абскардзіць рашэнне ЦВК у Вярхоўным судзе
Скарга Пятра Кузняцова, які двойчы атрымаў адмову ў рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы камісіяй Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №33, засталася нездаволенай ЦВК РБ 31 ліпеня.
Магілёў: Вылучэнцы ад ўлады ідуць адразу па двух і трох выбарчых акругах
Такімі вылучэнцамі зьяўляюцца Свірыдзенка Сяргей Уладзіміравіч (дэпутат Мікалаеўскага сельскага Савету, пенсіянер МУС) і Васільева Вольга Архіпаўна (супрацоўніца БДУ, былая старшыня камісіі па справах непаўнагадовых Адміністрацыі Ленінскага раёну г. Магілёва).
Гомель: Члены ініцыятыўнай групы Васіля Палякова дапытаныя па справе менскага выбуху
30 і 31 ліпеня ў Савецкі РАУС былі выкліканыя члены ініцыятыўнай групы Васіля Палякова, прэтэдэнта ў кандыдаты па 34-ай выбарчай акрузе. Наталлі Шчукінай і Таццяне Церашковай дахаты тэлефанаваў супрацоўнік міліцыі. Ён, не прадставіўшыся, паведаміў, што жанчынам неабходна з'явіцца ў Савецкі РАУС. Па якім пытанні, не растлумачыў. На сустрэчы старэйшы оперупаўнаважаны Ягор Маслюкоў пытаўся, дзе знаходзіўся "суразмоўца" у ноч з 3 на 4 ліпеня, хто гэта можа пацвердзіць. Пасля прапанаваў здаць аналіз сліны і адбіткі пальцаў. Па выніках гутаркі пратакол не афармляўся.
Магілёў: зборшчыкаў подпісаў за Ігара Каваленку не пускаюць у інтэрнат
Падчас збору подпісаў за старшыню грамадскага аб’яднання донараў “Кропля жыцця” Ігара Каваленку зборшчыкаў подпісаў не пусцілі ў інтэрнат прадпрыемства “Магатэкс”, якое знаходзіцца ў Магілёве на вуліцы Бялінскага, 48. Як патлумачылі на вахце гэтага інтэрната, існуе адпаведная разнарадка, адпаведна якой збіраць подпісы трэба за іншага прэтэндэнта ў кандыдаты.
Горкі: Рэгіянальнае СМІ піярыць праўладнага прэтэндэнта ў кандыдаты
У нумары газеты “Ленінскі шлях” за 26 ліпеня 2008 года з’явіўся артыкул прысвечаны выбарчай кампаніі ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу пад назвай “Актыўная фаза кампаніі”. У артыкуле распавядаецца пра каляндарны план кампаніі і асобным абзацам вылучаным тлушчым шрыфтам ідзе гутарка пра сустрэчу праўладнага прэтэндэнта ў дэпутаты Таццяну Асмалоўскую, з працоўным калектывам СПК “Аўсянка”, якая адбылася ў мінулы аўторак. У выніку гэтай сустрэчы працоўны калектыў падтрымаў спадарыню Асмалоўскую і вылучыў яе сваім кандыдатам у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў трэцяга склікання па Горацкай выбарчай акрузе №86.
Хойнікі: Збор подпісаў праходзіць з парушэннямі выбарчага заканадаўства
31 ліпеня сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леанід Судаленка накіраваў заяву старшыні Хойніцкай акруговай выбарчай камісіі (Гомельская вобласць). У заяве Л. Судаленка просіць правесці праверку «па фактах грубага парушэння выбарчага заканадаўства» з боку тых, хто збірае подпісы за вылучэнне дарадцы старшыні абласнога выканкама Г. Дашкевіча кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Светлагорск: настаўнікаў прымусова ўключаюць у выбарчыя камісіі
Аб тым, як ствараюцца ўчастковыя выбарчыя камісіі, распавяла настаўніца адной са школ ў Светлагорску, якая прасіла не называць яе прозвішча: “Дырэктар гімназіі Пётр Кулакоўскі выклікаў да сябе настаўнікаў па аднаму і казаў: я запісваю цябе ва ўчастковую камісію. Большасць настаўнікаў – жанчыны, і многія ўвогуле ніколі не хочуць у гэтых камісіях ўдзельнічаць. Хто спрабаваў адмаўляцца – дырэктар нагадваў пра працоўны кантракт: маўляў, пры працягненні з вамі кантракта гэта будзе ўлічвацца”.
Дэпутат Мікалай Сергіенка вельмі крытычна ацэньвае вынікі працы дзеючага парламента
Баранавіцкая незалежная газета “Intex-press” 31 ліпеня надрукавала інтэрв’ю карэспандэнта газеты Руслана Гарбачова з дэпутатам ПП Нацыянальнага сходу другога і трэцяга скліканняў Мікалаем Сергіенкам, які вельмі крытычна ацаніў сваю дзейнасць і дзейнасць усіх цяперашніх дэпутатаў. На пытанне карэспандэнта, як ён ацэньвае вынікі васьмігадовай працы ў парламенце, Мікалай Сергіенка адказаў: “Если оценивать по 10-бальной системе, я поставил бы себе оценку 4. Оценки 7-10 я не поставил бы никому, пяти депутатам поставил бы 6. Большинству парламентариев нужно ставить оценку 4-5. Свою работу, как и работу других депутатов, я в первую очередь оцениваю по её эффективности. Много работать – это не всегда “хорошо” работать”.
Баранавічы: Дзяржаўныя СМІ пачалі датэрміновую агітацыю за дэпутата Ваньковіча
Апошнім часам у дзяржаўных баранавіцкіх СМІ амаль у кожным нумары з’яўляюцца артыкулы пра дзейнасць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Анатоля Ваньковіча, які збіраецца балатавацца на гэтую пасаду другі раз, нягледзячы на тое, Выбарчы кодэкс дазваляе агітацыю толькі пасля рэгістрацыі кандыдатаў.








