Андрэй Бастунец: Прысуд Клімаву паказвае ўсю неабгрунтаванасць заяваў пра «бескантрольнасць» Інтэрнэту
10.09.2007.
Тэгі: суды, крымінальная справа.
Крыніца: Хартыя'97.
Увечары 7 верасня стала вядома, што грамадскі актывіст Андрэй Клімаў ужо больш як месяц таму асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі за распаўсюд праз Інтэрнэт заклікаў супраць дзейнай улады. Пра гэта паведаміла 8 верасня Радыё “Свабода” са спасылкай на прэсавага сакратара пракуратуры г. Мінска Алега Агафонава. Дагэтуль у пракуратуры журналістам увесь час казалі, што справа Андрэя Клімава яшчэ расследуецца.
Справу палітыка і публіцыста А. Клімава разглядаў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска 30 ліпеня - 1 жніўня. Суддзя Алена Ільіна прызнала яго вінаватым у парушэнні арт. 361 крымінальнага кодэксу РБ - закліках да гвалтоўнага звяржэння альбо змены канстытуцыйнага ладу з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі.
“Прысуд Клімаву паказвае ўсю неабгрунтаванасць тэзісу некаторых службовых асобаў пра нібыта бескантрольнасць Інтэрнэту ў Беларусі, – падкрэсліў у гутарцы з прэс-службай ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец, каментуючы прысуд А. Клімаву. – У любым выпадку, я лічу недапушчальным пазбаўленне волі за выказванне свайго меркавання”.
Справа супраць А. Клімава была ўзбуджана яшчэ ўвесну г.г. з нагоды з’яўлення ў інтэрнэце яго артыкулу. 3-га красавіка яго затрымалі і змясцілі ў следчы ізалятар у г. Мінску.
10 красавіка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выступіла з заявай пратэсту з нагоды крымінальнага пераследу за інтэрнэт-публікацыі. “Следства прыраўняла “сусветную павуціну” да СМІ, хоць беларускім заканадаўствам гэтае пытанне не ўрэгуляванае”, – падкрэсліваў БАЖ.
Пратэст супраць арышту А. Клімава выказала таксама міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў”. “Артыкул “заклік да змены рэжыму” ужываецца, каб прымусіць маўчаць дысідэнтаў. Арышт Клімава падкрэслівае амаль поўны кантроль, які ажыццяўляе ўрад над інфармацыяй у Беларусі”, – заявілі “Рэпарцёры”.
Грамадскія арганізацыі не раз звярталі ўвагу на тое, што пераслед за гарантаваныя Канстытуцыяй свабоду слова і інфармацыі дыскрэдытуюць Беларусь у вачах цывілізаванага свету. У 2005 г. Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Міклаш Харашці ў сваёй справаздачы па выніках візіту ў Беларусь адзначыў, што Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у рэгіёне АБСЕ, дзе людзі адбываюць турэмнае зняволенне ў сувязі са сваімі выказваннямі.
Навіны па тэме
20.11.2008 Былога кандыдата абавязалі вярнуць “выбарчыя” грошы
20.11.2008 Слонім: старшыня й сакратар участковай камісіі не зьявіліся ў суд
20.11.2008 Справа "Новага Жыцця" адкладзена
19.11.2008 Ці вернуць пратэстантам будынак?
18.11.2008 Пінск: За акцыю салідарнасьці з Баразенкам маладафронтаўцу пагражае суд
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








