У Мінску ўручылі прэміі імя Дзмітрыя Завадскага і дыплом імя Ігара Герменчука
11.09.2007.
Тэгі: узнагароды, незалежныя выданьні, Курапаты, свабода слова.
Крыніца: Прэс-служба БАЖ.
На ўрачыстаць былі запрошаныя некалькі дзесяткаў журналістаў – найперш лаўрэатаў прэміі мінулых гадоў, а таксама сваякі Дзмітрыя Завадскага. Узнагароды ўручалі старшыня БАЖ Жанна Літвіна і кіраўнік аддзелу спецпраектаў “Первого канала” Павел Шарамет. “Калі мы задумвалі гэтую прэмію, мы меркавалі, што яна будзе ўручацца тэлеаператарам і журналістам электронных СМІ, нагадаў П. Шарамет. – Але, на жаль, спіс магчымых лаўрэатаў быў вычарпаны даволі хутка, бо колькасць незалежных СМІ ў Беларусі “імкнецца да нуля”. Таму мы зараз уручаем гэтую прэмію журналістам зыходзячы не з таго, у якіх медыях яны працуюць, а з таго, наколькі яны даказалі свой высокі прафесіяналізм і бездакорную рэпутацыю”.
“Гэта вельмі ганаровая ўзнагарода для мяне, таму што яна звязана з імем Дзмітрыя Завадскага – сапраўды вельмі мужнага чалавека, – падкрэсліла Наталля Макушына. – На жаль, журналістам недзяржаўных СМІ сёння сапраўды, акрамя прафесіяналізму, патрэбна яшчэ і мужнасць. Хачу падзякаваць БАЖу, які заўсёды падтрымлівае нас ў цяжкіх сітуацыях, а таксама усім маім гродзенскім калегам. Я лічу, што кожны з нашых журналістаў сёння варты такіх узнагарод...”
“Гэта вялікі гонар – атрымаць прэмію Дзмітрыя Завадскага, які быў цалкам адданы сваёй прафесіі. З другога боку – крыху сумна, паколькі ўсё-такі ні ўлады, ні журналісты не здолелі высветліць яго лёс, – зазначыў А. Гатоўчыц. – Калі я сустракаюся з яго роднымі, у мяне заўсёды, яка кажуць, кошкі скрабуць на душы, бо ён загінуў не ў выніку нейкіх стыхійных бедстваў, а таму, што выконваў свае прафесійныя абавязкі”.
Дыплом Ігара Герменчука ўручыла Іосіфу Сярэдзічу старшыня БАЖ Ж. Літвіна. “Ігар Гермянчук – гэта адно з імёнаў, якія з’яўляюцца сімваламі беларускай журналістыкі. Вельмі важна, каб мы яго не забылі, і каб яго не сцерлі нашыя штодзённыя клопаты. І абсалютна натуральна, што дыплом яго імя ўручаецца чалавеку, які мужна трымаецца прынцыпаў свабоды слова і адстойваў сваю рэдакцыю, нягледзячы на ўсе перашкоды”, – зазначыла яна.
“Я ганаруся, што трымаю дыплом імя Ігара Герменчука. Я добра ведаў гэтага чалавека, які быў не проста журналістам, які цудоўна пісаў і прафесійна рэдагаваў газету, але і перажываў за ўсё, што адбываецца з яго краінай”, – зазначыў Іосіф Сярэдзіч.
Прэмія Дзмітрыя Завадскага ўручаецца з 2002 года. У папярэднія гады яе лаўрэатамі былі тэлеаператары Сяргей Гельбах, Сяргей Пушкін, Канстанцін Марозаў, Уладзімір Андронаў, Уладзімір Бабарыка, Уладзімір Косцін, фотакарэспандэнты Сяргей Грыц, Васіль Фядосенка і Юлія Дарашкевіч, журналісты Андрэй Дынько, Ірына Халіп, Любоў Лунёва, Леанід Міндлін, Марына Коктыш, Алена Слаў, Алесь Ліпай, Анжэй Пісальнік, Сяргей Сацук, Алег Улевіч.
Дыплом імя Ігара Герменчука ўпершыню быў уручаны ў 2005 годзе галоўнай рэдактарцы гродзенскай газеты “Биржа информации” Алене Раўбецкай.
Навіны па тэме
05.11.2008 У ЖЖ праходзіць віртуальная дэманстрацыя за свабоду слова ў Беларусі
03.11.2008 Уладзімера Казеку аштрафавалі за газету “Тут і цяпер”
27.10.2008 Брэсцкія мытнікі канфіскавалі на экспертызу 10 асобнікаў часопіса Arche
24.10.2008 Галоўны рэдактар даў тлумачэнні Міністэрству інфармацыі
23.10.2008 Рэдактара незалежнай газеты абвінавацілі ў адміністратыўным правапарушэньні
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








