Пратакол адпраўлены на дапрацоўку, Івашкевіча адпусьцілі
26.09.2007.
Тэгі: адміністратыўная справа, затрыманьні, БНФ.
Крыніца: Радыё «Свабода».
Адміністрацыйную справу Віктара Івашкевіча меліся сёньня разглядаць у кабінэце судзьдзі Першамайскага раёну сталіцы Юрыя Гарбатоўскага, які знаходзіцца ў будынку ЖЭС па вуліцы Астрашыцкая. Аднак пратакол затрыманьня накіраваны судзьдзём на дапрацоўку. Ці адбудзецца паседжаньне, невядома.
Івашкевіча прывезьлі ў суд пасьля 12 гадзінаў. Ля будынку ЖЭСа прысутнічалі амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, супрацоўнікі місіі АБСЭ, журналісты і паплечнікі Віктара.
Амаль гадзіну ўсё чакалі, калі пачнецца паседжаньне. У выніку адвакат Івашкевіча вымушаны быў запатрабаваць ад судзьдзі нейкага рашэньня. Праз пэўны час міліцыянт, які суправаджаў Івашкевіча, патлумачыў, што пратакол накіраваны на дапрацоўку. Якія недахопы былі знойдзены ў пратаколе, не паведамілі. Міліцыянт сказаў, што Івашкевіч можа быць вольны, -- ці адбудзецца паседжаньне суду, таксама невядома.
Палітык заявіў Радыё Свабода: “Гэта рашэньне прымалася не судзьдзём, а тымі, з кім ён раіўся. Выглядае, што наверсе дагэтуль ня вызначыліся, як паступаць з арганізатарамі маршу”
Назіральнікі лічаць, што разгляд справы Івашкевіча могуць прызначыць на пачатак кастрычніка, каб ізаляваць яго на час падрыхтоўкі і правядзеньня Эўрапейскага маршу, прызначанага на 14 кастрычніка
Нагадаем, Івашкевіча затрымалі ўчора на ганку кавярні “Эль-Памідора” разам са старшынём аргкамітэту Сацыяльнага маршу Валерыем Ухналёвым. Яны разам з чатырма сябрамі адзначалі дзень народзінаў Івашкевіча. Ухналёва потым адпусьцілі, а Івашкевіч правёў ноч у пастарунку.
Навіны па тэме
09.10.2008 Справу Аўтухова адправілі на дапрацоўку
03.10.2008 Па вызваленьні Алеся Чыгіра зноў чакае суд
02.10.2008 Сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі “затрымаў” вылет самалёта на 20 хвілінаў
01.10.2008 Салігорскія маладафронтаўцы пакараныя за антываенны пікет
01.10.2008 Аляксандр Чыгір будзе адбываць пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма











