Улады ня хочуць гаварыць аб правах чалавека?
31.10.2007.
Тэгі: дзяржава, правы чалавека.
Крыніца: Радыё «Свабода».
Працягваецца візыт у Беларусь прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн. Яна пажадала сустрэцца з прадстаўнікамі чатырох міністэрстваў — юстыцыі, інфармацыі, замежных і ўнутраных справаў. Як рэагуюць улады на гэты візыт?
Візыт Сугайр Бэльхасэн пачаўся 28 кастрычніка, аднак пакуль улады не далі згоды на сустрэчы — хоць у амбасадзе Беларусі ў Францыі сказалі, што зрабілі ўсё магчымае, каб арганізаваць сустрэчу ў Міністэрстве замежных справаў.
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў сказаў: "Мы ведаем пра гэты візыт. Просьба пра сустрэчу ў МЗС сапраўды накіроўвалася на наш адрас. Цяпер гэтая просьба вывучаецца. Ці адбудзецца гэтая сустрэча, будзе залежаць ад працоўнага графіку пэўных супрацоўнікаў і кіраўнікоў міністэрства”.
Як ставяцца ў МЗС да таго, што запытаныя сустрэчы пакуль не адбыліся і ў іншых міністэрствах?
“Я наагул не лічу, што гэта сьведчаньне нейкага нежаданьня. Сытуацыя даволі тыповая. З рознымі візытамі ў Беларусі знаходзіцца многа прадстаўнікоў самых розных замежных структураў. Нармальная, цывілізаваная практыка: калі просьба дасылаецца, мы яе вывучаем”.
Памочнік міністра інфармацыі Віктар Казлоў сказаў: "Ну як мы можам рэагаваць на візыт? Ну, прыехала і прыехала, калі ласка. Магчыма, у яе ёсьць нейкія справы й інтарэсы. Наколькі я ведаю, яна падтрымлівае сувязі зь нейкай пакуль яшчэ не зарэгістраванай арганізацыяй. Ну, на здароўе”.
Карэспандэнт: “Дык ці адбудуцца сустрэчы ў Міністэрстве інфармацыі?”
“У нас такія сустрэчы не заплянаваныя. З адной прычыны, што ў кіраўніцтва ёсьць раней прынятыя на сябе абавязаньні. У іхным звароце да міністэрства напісана, што яны хацелі б абмеркаваць з намі пытаньні правоў чалавека. Мы ня бачым тэмы для размоваў. Гэта ня тое ведамства”.
У прэсавай службе Міністэрства юстыцыі сказалі, што ў Мін’юсьце сустрэчаў не плянуецца — маўляў, трэба зьвяртацца ў МЗС.
Сёньня Сугайр Бэльхасэн гутарыла з кіраўніцтвам офісу АБСЭ ў Менску. Яна выказала асаблівую занепакоенасьць трыма справамі: Андрэя Клімава, Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча.
Паводле праваабаронцаў, прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў і амбасадаў мусяць дамагацца сваёй прысутнасьці на новых судовых працэсах Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча.
Таксама Сугайр Бэльхасэн сустрэлася з былым адвакатам Аляксандра Казуліна Ігарам Рынкевічам і зь іншымі прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў.
Спадарыня Бэльхасэн кажа, што праца праваабаронцаў у Беларусі вельмі важная і яна дае надзею:
“Для нас Беларусь, нягледзячы на яе становішча, ня ёсьць нейкай ізаляванай краінай, а часткай Эўропы. Я ня ведаю, колькі часу спатрэбіцца на тое, каб тут усталявалася дэмакратыя. Але, я думаю, што яна усталюецца. Бо ёсьць усе складнікі для таго, каб гэта аднойчы адбылося”.
Паводле Сугайр Бэльхасэн, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі найбольш складаная ў рэгіёне. Мэта яе місіі — падтрымаць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі й вывучыць умовы ўтрыманьня пад вартай і выпадкі жорсткага абыходжаньня ў зьняволеньні.
Навіны па тэме
04.11.2008 Невыяздныя будуць пікетаваць МУС і Генпракуратуру
07.10.2008 Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, верасень 2008 году
03.10.2008 Пагалоўная дактыласкапія ўсіх беларусаў?
03.10.2008 Тэма свабоды СМІ ў Беларусі зноў гучала ў Варшаве
10.09.2008 У 2008 годзе ў Беларусі да пакарання смерцю прыгавораны адзін чалавек
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








