Невядомыя зьбілі 18-гадовага сына віцебскага апазіцыянера Яна Дзяржаўцава
02.11.2007.
Тэгі: пагрозы, гвалт.
Крыніца: BulletinOnline.
Сябар КХП БНФ спадар Дзяржаўцаў мяркуе, што напад на ягонага сына цалкам маглі здзейсьніць тыя, хто 15 жніўня даслаў яму ліст ад імя "Віцебскай філіі РНЕ" – прафашыстоўскай апрганізацыі " Русское Национальное Единство".
– У лісьце, які прыйшоў на маю хатнюю адрэсу і які чамусьці пачынаўся зваротам "Мірон", былі такія словы: "Калі ты яшчэ раз вывесіш у нашым горадзе сваю бел-чырвон-белую анучу, мы цябе пакараем". І мой сын быў зьбіты літаральна праз паўтары гадзіны пасьля таго, як у Віцебску чарговы раз зьявіўся бел-чырвон-белы сьцяг – позна ўвечары 29-га кастрычніка. Тыя, хто зьбіваў, напалі ззаду, павалілі сына на зямлю, зьбілі, і сказалі перад тым, як зьбегчы: "Вось нарэшце мы цябе й злавілі!", – дзеліцца сваімі думкамі Ян Дзяржаўцаў.
Ён не бярэцца патлумачыць, чаму аўтары ліста зьвярнуліся да яго як да легендарнага Мірона – тае асобы, якая цягам апошніх год вывешвае бел-чырвон-белыя сьцягі ў Віцебску, пакідаючы цыдулкі са сваім подпісам. Дарэчы, лісты такога самага зьместу – з пагрозамі расправы і сьцвярджэньнем таго, што "Наш карны меч можа спасьцігнуць цябе ў любым месцы і ў любы час", атрымалі яшчэ трое віцебскіх актывістаў - распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда, Сягей Каваленка, а таксама старшыня абласной арганізацыі КХП БНФ Ян Таўпыга. Але спадар Дзяржаўцаў быў адзіны, хто падаў з гэтае нагоды скаргу ў раённую пракуратуру. Ён запатрабаваў, каб супраць тых, хто рассылае лісты ад імя незарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь грамадзкай арганізацыі, была распачатая крымінальная справа.
Пракуратура пераслала ягоную скаргу ў Чыгуначны райаддзел міліцыі. Аднак там вырашылі, што крымінальную справу заводзіць ня будуць. Яну Дзяржаўцаву адказалі так: "РНЕ дзейнічае без афіцыйнае рэгістрацыі, і таму сяброўства ў ёй даказаць немагчыма. А пагрозы ўвогуле адрасаваныя нейкаму "Мірону", таму ў грамадзяніна Яна Дзяржаўцава няма падстаў для хваляваньня".
Апазыцыянэра гэтыя аргумэнты не пераканалі, і ён паскардзіўся вышэй – у абласную пракуратуру. Адказу адтуль Ян Дзяржаўцаў так і не атрымаў. Але ўжо рыхтуе наступную заяву, якую мяркуе даслаць сёньня разам з вынікамі судова-медычнай экспертызы.
– Там напісана, што ў майго сына зафіксаваныя сьляды ад удараў, – распавядае Я.Дзяржаўцаў. – Крывападцёк у вобласьці левага вока і носа, паверхневая рана сьлізістай абалонкі верхняе губы, драпіна на левай кісьці, далоні, драпіна на правым перадплеччы". Калі ён прыйшоў дахаты зьбіты, у мяне адразу такая думка і ўзьнікла: раз я атрымаў ліст з пагрозамі, то вось фашыстоўцы з РНЕ ўжо й перайшлі ад пагрозаў да дзеяньняў.
Юрыдычную дапамогу ў зносінах з міліцыянтамі да пракурорамі сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву прапанаваў праваабаронца Леанід Сьвецік. У ягонай практыцы гэта ўжо ня першы досьвед, калі з нагоды лістоў ад РНЕ даводзілася зьвяртацца з пракуратуру, міліцыю й нават КДБ: за апошнія паўтара гады падобныя лісты атрымлівалі старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залесская, рэдактар недзяржаўнай газэты "Витебский курьер" Уладзімер Базан і кіраўніца літаратурнага аддзелу тэатра "Лялька" Вікторыя Дашкевіч.
– Куды б мы не пісалі, крымінальнай справы не ўзбудзілі ні разу, – гаворыць Леанід Сьвецік. – Паўсюль адказвалі, што знайсьці аўтараў лістоў немагчыма, і ўвогуле РНЕ ў Віцебску нібыта няма. Цяпер зьбіты 18-гадовы хлопец. Нельга сказаць напэўна, што яго зьбілі РНЕ-шнікі. Але, мажліва, такога б не здарылася, каб да пагрозаў ад імя прафашыстоўскай арганізацыі міліцыя паставілася больш адказна і прынцыпова. Між іншым, ва ўсіх астатніх, хто атрымаў лісты з пагрозамі, таксама ёсьць сем"і, дзеці, і цяпер яны тым болей ня могуць пачувацца ў бясьпецы.
Навіны па тэме
13.11.2008 У Салігорску напалі на праваабаронцу
11.11.2008 Клецкі міліцыянт папрасіў прабачэньня ў Яўгена Мікуліча
31.10.2008 КДБ пераходзіць да пагрозаў
31.10.2008 Непаўнагадовага актывіста запалохваюць вопісам маёмасьці
10.10.2008 Учынены напад на салігорскую праваабаронцу
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








