Суд над М.Сергіенкам перанесьлі на 17 сьнежня
14.12.2007.
Тэгі: суды, перасьлед, дэмакратычны актывіст.
Крыніца: Радыё «Свабода».
У Ленінскім судзе Менску пачаўся працэс супраць актывіста АГП Мікалая Сергіенкі, якога абвінавачваюць у брыдкаслоўі на адрас міліцыянтаў падчас захопу офісу Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.
Падзеі, за якія прыцягнулі да адказнасьці Мікалая Сергіенку, адбываліся ўвечары 6 сьнежня. Мікалай знаходзіўся ў офісе Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Напярэдадні сюды прывезьлі ўлёткі, якія заклікалі прадпрымальнікаў прыйсьці 10 сьнежня на мітынг на Кастрычніцкую плошчу. Раптам у офіс уварваліся супрацоўнікі міліцыі: улёткі канфіскавалі, прысутных павезьлі ў Ленінскі райаддзел міліцыі нібыта дзеля высьвятленьня асобаў.
“Я кажу: добра, у мяне ёсьць пашпарт. Вось, глядзіце. Але яны сказалі, што ў іх падазрэньні, нібыта я зрабіў крымінальнае злачынства, і таксама адвезьлі мяне ў міліцыю”, — распавёў сёньня ў судзе Мікалай Сергіенка. Паводле актывіста, у райаддзеле міліцыі на яго і лідэра прафсаюзу прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева склалі пратаколы: нібыта яны брыдкасловілі на адрас міліцыянтаў. “Гэта хлусьня”, — заявіў судзьдзі Юліі Шумскай Мікалай Сергіенка. Але сьведкі-міліцыянты, якія сёньня выступілі ў судзе, сьведчылі на карысьць гэтай вэрсіі.
Працэс адкладзены на панядзелак, 17 сьнежня. Яшчэ маюць выступіць сьведкі з боку Мікалая Сергіенкі. Калі яны не пераканаюць судзьдзю, актывісту пагражае 15 сутак арышту.
Нагадаем, судзьдзя Юлія Шумская прыняла да вытворчасьці і справу лідэра прафсаюза прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева, таксама затрыманага 6 сьнежня ў офісе БКДП. Але суд над прадпрымальнікам адклалі, пакуль Аляксандар Макаеў не адбудзе арышт за ўдзел у мітынгу 10-га сьнежня.
Навіны па тэме
04.12.2008 На моладзевага актывіста завялі справу за «ўхіленне ад прызыву»
04.12.2008 На кватэру да праваабаронцы з’явіліся з вобшукам
03.12.2008 Аляксандар Сілкоў чакае рашэння па сваёй справе (адноўлена)
03.12.2008 Cёння адновяцца слуханні па справе аб маёмасці царквы “Новай жыццё”
03.12.2008 Актывіст нечакана даведаўся, што знаходзіцца ў вышуку
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








