На помніку льготам не вянуць кветкі
31.01.2008.
Тэгі: акцыі, льготы.
Крыніца: BulletinOnline.
У райцэнтры Пружаны на Берасьцейшчыне ўсё больш людзей наведваецца на месца сымбалічнага пахаваньня сацыяльных ільготаў.
– Я ніколькі не шкадую затрачаных сродкаў на будаўніцтва такіх палацаў, – заявіў 27 ліпеня 2007 году ў Пружанах Аляксандар Лукашэнка.
Разьвіваючы думку аб грашовай шчодрасьці для гарадкоў глухамані, прамоўца паабяцаў, што неўзабаве ў Пружанах пабудуюць футбольнае поле, баскетбольную і валейбольную пляцоўкі, тэнісны корт.
Сыходзіць першая зіма ў выкананьні абяцаньняў. Камяні, якімі пазначаныя месцы будучых спартовых аб’ектаў, пачынаюць абрастаць мохам. А адзін з вырабаў заводу ЖБІ ўпадабаны ўжо як помнік. На ім цяпер жывыя кветкі-гвазьдзікі і памінальныя надпісы: "Любім, помнім, сумуем".
Ідэя карыснага выкарыстаньня будаўнічага мерцьвяка належыць маладому жыхару Пружанаў Уладзімеру Радзівончыку. Ён кажа:
– Каб глыба дарма не мазоліла людзям вочы, мы трошкі зварухнулі яе на ўзгорак, падсыпалі грунту і наклеілі жалобныя надпісы. Цырымонію адкрыцьця прымеркавалі да 40 дзён пасьля ўступленьня ў сілу лукашэнкаўскага ўказу аб адмене сацыяльных ільготаў.
Са словаў Уладзімера Радзівончыка, у Пружанах на сёньня 15 тысяч насельніцтва. Працуюць тут толькі малочны камбінат, лесапілка, каўбасны цэх, ільнозавод. Больш як палова насельніцтва – пэнсіянэры.
– Лёдавы палац для іх – аб'ект нянавісьці, – гаворыць Уладзімер. – Старых раздражняе, што дзеля эканоміі электрычнасьці на захаваньне лёду, на вуліцах практычна не ўключаюць электраасьвятленьне. У кватэрах часта адсутнічае гарачая вада. У райцэнтры скасаваныя цяпер ільготы пры наведваньні лазьні і цырульні...
Як высьвятляецца, да каменю ў Пружаны наведваецца шмат цікаўных. Некаторыя зь іх падтрымліваюць іронію моладзі і пакідаюць жывыя кветкі.
Навіны па тэме
02.10.2008 Прадпрымальнікі будуць бараніць сябе
01.10.2008 Стартавала кампанія «Будзьма!». БАЖ далучаецца да ініцыятывы
01.10.2008 Салігорскія маладафронтаўцы пакараныя за антываенны пікет
28.09.2008 МУС расцэньвае акцыю апазіцыі як грубае парушэнне парадку
22.09.2008 У посце за вяртанне бернардынскага касцёла ўдзельнічаюць 59 вернікаў
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма











