Касацыйную скаргу «Новага часу» адхілілі
11.02.2008.
Тэгі: суды, журналісты, незалежныя выданьні.
Крыніца: Прэс-служба БАЖ.
Калегія мінскага гарадскога суда адхіліла касацыйную скаргу выдаўцоў газеты «Новы час» і пакінула ў сіле рашэнне суда першай інстанцыі па зыску Мікалая Чаргінца.
Калегія пад старшынствам суддзі Міхаіла Басава пачала разгляд скаргі сёння ў 15.00. У суд, акрамя прадстаўнікоў «Новага часу», прыйшлі журналісты, праваабаронцы і дыпламаты. З боку М. Чаргінца ў судзе ніхто не прысутнічаў.
Шэф-рэдактар выдання Аляксей Кароль і прадстаўніца адказчыка Анжэла Ратнер у чарговы раз заявілі, што зыск аб абароне гонару і годнасці не меў пад сабою грунту, бо ў публікацыі не ўтрымлівалася знявагаў на адрас М. Чаргінца. Да таго ж, на думку прадстаўнікоў выдання, зыскоўца не прадставіў суду доказаў сваіх маральных пакутаў. У звязку з гэтым яны прасілі адмяніць рашэнне суда Першамайскага раёна, які 20 снежня пастанавіў спагнаць 50 мільёнаў рублёў з выдаўца «Новага часу» (прыватнага выдавецкага прадпрыемства «Час навінаў») і 1 млн. — з журналіста Аляксандра Тамковіча.
Каля 17.00 суд агучыў рашэнне — скаргу адхіліць.
Адказчыкі маюць права падаваць скаргу ў парадку нагляду спачатку на імя старшыні Мінгарсуда, а потым у Вярхоўны суд. Па словах А. Караля, хутчэй за ўсё, яны скарыстаюцца гэтым правам. «Хаця б дзеля таго, каб несправядлівасць гэтага прысуду была ў полі ўвагі грамадскасці», — падкрэслівае журналіст.
Намеснік старшыні ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец, які прысутнічаў у судзе, лічыць гэткае рашэнне чаканым. «Мы маем цэлы шэраг выпадкаў, калі зыскі высокіх службовых асобаў ставяць пад пагрозу выхад незалежных СМІ. Некаторыя газеты перасталі выходзіць менавіта пасля таго, як гэтыя зыскі задаволілі: да прыкладу, «Навіны», «Наша свабода». Ва ўсім свеце лічыцца, што, чым больш высокую пасаду займае чыноўнік, тым большы яго «імунітэт» да крытыкі — а значыць, тым складаней яму спагнаць грошы з выданняў. У нас жа ўсё наадварот: нібыта суд лічыць, што ўразлівасць беларускага службоўца наўпрост залежыць ад яго пасады…»
Навіны па тэме
03.07.2008 Павел Юхневіч на Акрэсціна
03.07.2008 “Газета Слонімская” выйграла суд
01.07.2008 Журналістку Радыё “Свабода” аштрафавалі «за непавагу да суда»
30.06.2008 Суткі і “базавыя” Міхаіла Пашкевіча. І ня толькі яго.
30.06.2008 Суд спыніў справу Івана Стасюка
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма









