Дзяржава прымушае тэатры выконваць план платных паслуг
29.02.2008.
Тэгі: культура.
Крыніца: «Еўрапейскае радыё».
У студзені ніводзін тэатр не выканаў гэтага плана, за што на іх і абрынулася крытыка з беларускага тэлебачання. Справа ў тым, што з Новага года ўрад давёў да Міністэрства культуры новы план платных паслуг, а міністэрства, у сваю чаргу, накіравала яго ва ўсе тэатры краіны. Дзяржава прымушае тэатры “круціцца” і вучыцца зарабляць уласныя грошы. Па словах намесніка дырэктара па агульных пытаннях Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы РБ Аляксандра Пятровіча, такі план існаваў і раней, але не быў настолькі завышаным.
Аляксандр Пятровіч: Сама абсурднасць заключаецца ў тым: што такое платныя паслугі для прафесійнага калектыву, які займаецца маральным выхаваннем насельніцтва? Мы ж не венікі вяжам, не ў лазню водзім людзей, мы ж не гузікі прышываем. Мы ствараем нацыянальнае мастацтва, і мы не можам узняць зараз кошт на квіткі.
Аляксандр Пятровіч кажа Еўрарадыё, што калі квіткі стануць даражэй, тады ўвогуле ніхто не захоча ісці ў тэатр. Адміністрацыя тэатра не можа даць 100% гарантыі, што ў наступным месяцы яны змогуць давесці гэты план, і на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. Тэатр оперы аказаўся ў няпростай сітуацыі: у яго няма сваёй пляцоўкі, але ёсць план платных паслуг. У рынкавай сітуацыі, дзе кожны сам за сябе, вядучаму тэатру ў прадастаўленні канцэртнай пляцоўкі ўжо адмовіла філармонія і тэатры на перыферыі, бо яны таксама “гоняцца” за паказчыкамі.
Аляксандр Пятровіч: У нас увогуле катастрафічная сітуацыя: сцэнічны комплекс у нас у Доме афіцэраў, даты правядзення нашых спектакляў вызначае сам Дом афіцэраў, у залежнасці ад іх вольнага часу. Акрамя таго, болей за 9 дзён мы там не можам працаваць. Іншая сітуацыя з філармоніяй – мы кожны месяц працавалі там па 3 канцэрты. Але ў сувязі з тым, што філармоніі даведзены такі ж план, яна зараз не зацікаўлена ў рэалізацыі нашых квіткоў. І трэцяе, мы працуем на выязных гастролях у іншых абласцях, але ім таксама даведзены ўнушальны план, і яны ўжо зараз нам пачынаюць адмаўляць у прадастаўленні пляцоўкі.
Такая ж сітуацыя з невыканнем плана платных паслуг і ў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага. Дырэктар тэатра Эдуард Герасімовіч прызнаецца Еўрарадыё, што новы план, які давялі ў пачатку 2008 года, нерэальны для тэатра і нават пры загрузцы залы на 93% у студзені, яны не змаглі яго выканаць.
Эдуард Герасімовіч: Раней план па платных паслугах быў меншы, а зараз ён вялікі. З 1 студзеня новы план - на мой погляд, ён завышаны нашмат. Так, мы таксама не выканалі па студзеню план. Хоць загрузка маёй залы ў студзені склала 93%. Гэта вельмі высокая загрузка, і тым не менш мы не выканалі план.
Якую суму неабходна зараз тэатру зарабляць кожны дзень, Эдуард Герасімовіч не захацеў называць для Еўрарадыё. Ён упэўнены, што ў мінулым месяцы драматычны добра спрацаваў, пры тым, што не на ўсіх спектаклях была цалкам запоўненая зала.
Эдуард Герасімовіч: Ёсць спектаклі, дзе зала (па вядомых прычынах) не можа загружацца на 100%: ці то яна арматызаваная, ці спектакль носіць не забаўляльны характар, а складаны для ўспрымання гледача. Канешне, там 100%-й загрузкі залы дабіцца немагчыма. І адсюль па месяцы ўзнікае пэўны дэфіцыт. Ёсць спектаклі на аншлагах, а ёсць спектаклі, загрузка якіх 50%-70%. Гэта не ад таго, што там дрэнныя артысты ці дрэнны спектакль, а праз розныя прычыны.
У студзені Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы таксама не змог здужаць плана па платных паслугах. Генеральны дырэктар тэатра Мікалай Кірычэнка кажа Еўрарадыё, што гэта выйшла не па халатнасці, а з паважных прычынаў.
Мікалай Кірычэнка: У нас у Народнага артыста Беларусі Памазана інфаркт, траўма ў вядучай актрысы Зелянкоўскай, і нам прыйшлося рабіць мноства замен, змены ў рэпертуары, а кожная замена – гэта здача квіткоў гледачамі.
Мікалай Кірычэнка кажа Еўрарадыё, што план па платных паслугах зусім не азначае, што тэатр павінен стаць самаакупным, бо, на яго думку, тэатр – гэта стратная справа, калі глядзець з матэрыяльнага боку. І тым не менш, Купалаўскаму прапаўновалі разгледзець сітуацыю, у якой тэатр пачне самастойна зарабляць грошы.
Мікалай Кірычэнка: Такая задача самаакупнасці нам не ставілася, нам толькі прапаўновалі разгледзець гэта пытанне. Тэатр - першапачаткова стратнае мерапрыемства. Мы падлічылі, колькі трэба, каб выйсці на самаакупнасць, тады квіткі павінны быць каля 70 тысяч. Тады мы страцім вялікую колькасць гледачоў, якія не змогуць сабе дазволіць схадзіць у тэатр.
Па каментар Еўрарадыё звярнулася ў эканамічнае ўпраўленне Міністэрства культуры, якое давяло план тэатрам па платных паслугах, але там увогуле адмовіліся гаварыць на гэтую тэму.
Навіны па тэме
14.05.2008 Міліцыянты цікавяцца творчасьцю Марачкіна
30.04.2008 Моладзь БНФ правяла акцыю абароны помніка Максіма Багдановіча
25.04.2008 Выстава палітычных налепак
21.04.2008 У абарону помніка Максіму Багдановічу
17.04.2008 Не чапайце паэта!
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма







