Міліцыя дзяжурыць ля Польскага цэнтру ў Гародні
29.03.2008.
Тэгі: КДБ, ператрус.
Крыніца: Радыё «Свабода».
Ад раніцы гарадзенскія міліцыянты намагаюцца правесьці ператрус у памяшканьні Польскага цэнтру бізнэсу й турызму, дзе зьбіраюцца сябры непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў.
Цяпер каля цэнтру шмат людзей рознага ўзросту, якія падтрымліваюць Анжаліку Борыс.
Прыкладна а палове дзявятай раніцы побач з офісам непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў машынамі ДАІ быў заблякаваны мінібус, у якім сядзела Анжаліка Борыс і яшчэ некалькі ейных калегаў. Яны зьбіраліся некуды ад’ехаць. Міліцыянты запатрабавалі правесьці праверку мінібуса й офіса. Аднак усе хуценька выйшлі з машыны, зачынілі яе й папросту разышліся, адказаўшы міліцыянтам, што ня маюць ключоў ад офіса.
А падлове на дзясятую на машыне ДАІ прывезьлі кіраўніка Польскага цэнтру бізнэсу й турызму Зыгмунта Пелуця, які адчыніў памяшканьне офіса. Міліцыянты зьнешне яго агледзелі, але не змаглі адчыніць аднаго пакойчыка – у спадара Пелуця не было ключоў.
Спадар Пелуць спрабаваў удакладніць, што яны шукаюць і на падставе чаго. У адказ адзін зь міліцыянтаў запытаўся, ці няма ў офісе незарэгістраваных выданьняў.
Дзьверы офісу ламаць ня сталі, паколькі ў міліцыянтаў відавочна не было на гэта дазволу. За дзьве гадзіны ў памяшканьне прыйшло шмат людзей, сябраў Саюза палякаў, пераважна сталага веку. Яны й зараз сядзяць там, сьпяваюць песьні й п’юць гарбату.
Адзін зь міліцыянтаў прапанаваў усім разысьціся, маўляў, тады й яны ад’едуць ад офісу. Людзі не пагадзіліся, яны надалей сядзяць у офісе, а міліцыянты дзяжураць побач з будынкам. Такая сытуацыя працягваецца ўжо чатыры гадзіны.
Навіны па тэме
14.05.2008 Міліцыянты цікавяцца творчасьцю Марачкіна
12.05.2008 Выезд для моладзі за мяжу забаронены
08.05.2008 Студэнта ЕГУ Алега Грубіча не выпускаюць за мяжу
08.05.2008 Пракуратура падтрымлівае дзеяньні КДБ у дачыненьні да незалежных журналістаў
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма







