Адзіная ў Мінску школа для дзяцей з парушэннямі псіхафізічнага развіцця знаходзіцца пад пагрозай закрыцця.
28.03.2008.
Тэгі: грамадства, сацыяльная сфэра, інваліды.
Крыніца: «Народная воля».
Тэрмін высялення — 1 верасня 2008 года.
Гэтая сталічная навучальная ўстанова мае добрую рэпутацыю. У першую чаргу сярод бацькоў і навучэнцаў. Менавіта сюды, у сярэднюю школу №9, што на Прытыцкага, 16, бацькі прывозяць сваіх дзяцей з многіх мікрараёнаў. Дарослыя не хаваюць, за што цэняць школу: тут працуе кваліфікаваны педагагічны калектыў, з дзецьмі індывідуальна працуюць лагапед і псіхолаг. Пры такім падыходзе навучэнцы, якія маюць цяжкасці ў навучанні, лепш запамінаюць матэрыял.
Аднак... Згодна з рашэннем Мінгарвыканкама ад 2 жніўня 2007 года, дзяржаўная ўстанова адукацыі "Базавая школа №9 г. Мінска для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця" павінна быць выведзена з сістэмы адукацыі з 1 верасня 2008 года.
Гэтая навіна прагучала як гром сярод яснага неба і для дзяцей, і для бацькоў. Тэрмінова быў створаны бацькоўскі камітэт, які распачаў перапіску з чыноўнікамі. У сваім звароце да старшыні ўпраўлення адукацыі Фрунзенскага раёна сталіцы Таццяны Казачонак бацькі папрасілі даць абгрунтаваны адказ наконт таго, чаму вырашана закрыць школу №9. Вось вытрымка з адказу чыноўніцы: "…спецыяльная базавая школа № 9 разлічана на 940 навучэнцаў, а ў 2006/2007 навучальным годзе тут навучалася толькі 278 дзяцей. З іх 117 не мелі паказанняў для далейшага навучання. У школе не створаны ўмовы для дзяцей, якім рэкамендавана навучанне па праграмме пабочнай школы, праграме для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення".
Падобныя адказы прадстаўнікі бацькоўскага камітэта атрымалі і з іншых уладных структур. Яны катэгарычна не згодны з такой пазіцыяй.
"Разумееце, адзіную падобную школу ў Мінску хочуць зачыніць. Гэта для нас падобна смерці, — гаворыць прадстаўнік бацькоўскага камітэта Святлана Байрамава (яе дачка Ксенія вучыцца ў восьмым класе гэтай школы). — Чыноўнікі прапануюць нашым дзецям перавесціся ў інтэграваныя класы, дзе яны будуць навучацца разам са здаровымі аднагодкамі. А там, як вы разумееце, калі дзіця не запамінае лічбаў, ніхто з ім дадаткова займацца не будзе. Акрамя таго, відавочна, што дзеці з цэрэбральным паралічам ці затарможанасцю маўлення не могуць паспяваць так, як іх здаровыя аднагодкі. Не сакрэт, што з такіх здаровыя аднакласнікі часцяком здзекуюцца. Я як маці ўпэўнена, што менавіта ў гэтай школе і менавіта з гэтымі педагогамі маёй дачцэ вучыцца лепш. І ніхто мяне ў гэтым не разупэўніць".
Набор у спецыялізаваную школу №9 не вядзецца ўжо два гады. Самыя малодшыя дзеці — вучні 3-га класа, самыя старэйшыя — дзевяцікласнікі. Пасля сёлетняга выпуску застанецца толькі 79 навучэнцаў. Зразумела, што пры такой малой колькасці школьнікаў навучальных гадзін "не дабіраюць" і выкладчыкі, што ў рэшце рэшт адбіваецца на іх зарплаце... Аднак бацькі ўпэўнены, што набор быў спынены штучна, каб пад выглядам аб'ектыўнай прычыны школу зачыніць.
Валявое рашэнне Міхаіла Ціцянкова
На мінулым тыдні ў школе адбыўся бацькоўскі сход, на які быў запрошаны ўвесь педагагічны калектыў на чале з дырэктарам Наталляй Сакаловай. Прысутнічалі таксама чыноўнікі з аддзела адукацыі Фрунзенскага раёна сталіцы і прадстаўнікі Мінгарвыканкама — старшыня камітэта па адукацыі Уладзімір Шчэрба і яго непасрэдны начальнік — намеснік старшыні Мінгарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў.
Напачатку перад бацькамі выступіла старшыня ўпраўлення адукацыі Фрунзенскага раёна Таццяна Казачонак. Яна паведаміла бацькам, што падчас вясенніх канікул у школе будзе працаваць лагер. Прысутныя сталі шаптацца, маўляў, чыноўніца зацягвае час, не даючы бацькам выпрацаваць агульную лінію паводзінаў. І раптам прагучала пытанне ў лоб: "Таццяна Эдуардаўна, вы так цудоўна расказваеце пра школьны лагер, а чаму не гаворыце аб тым, што будзе з нашымі дзецьмі восенню, дзе яны будуць вучыцца?"
"Вашы дзеці будуць вучыцца не ў гэтай школе", — коратка адказала Казачонак. І бацькам стала зразумела, што дыялогу не атрымаецца.
"Нас проста не хочуць чуць", — шумелі яны. Праз некалькі хвілін на дошцы за спінай выступаючых чыноўнікаў з'явіўся надпіс: "Нас не задавальняе рашэнне Мінгарвыканкама".
Крыху разрадзіў напружанасць у гэтай сітуацыі намеснік старшыні Мінгарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў. "Я бачу, што сітуацыя няпростая, трэба нешта вырашаць. Але мы з вамі ваяваць не будзем", — запэўніў бацькоў Ціцянкоў. — Калі горад прыняў няправільнае рашэнне, то я прыеду і папрашу прабачэння перад вамі, капялюш з мяне не зваліцца".
Менавіта Ціцянкоў прызнаўся, што гарадскія ўлады маюць намер адкрыць у будынку школы кадэцкі корпус для дзяцей-сірот.
Аднак пазіцыя бацькоў засталася нязменнай: расфарміроўваць школу немэтазгодна! Сваю пазіцыю яны абгрунтавалі неблагім веданнем нарматыўных актаў . У прыватнасці, спаслаліся на Закон "Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця", дзе напісана, што прадстаўнікі такіх асоб маюць права на "выбар установы адукацыі, форму атрымання спецыяльнай адукацыі з улікам рэкамендацыі карэкцыйна-развіваючага цэнтра навучання і рэабілітацыі".
Акрамя таго, бацькі паведамілі Ціцянкову, што ў атэстаты дзяцей, якія заканчваюць школу №9, апошнім часам робіцца дапіска аб тым, што дзеці навучаліся ў школе для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На думку бацькоў, гэтая дапіска - "кляймо", якое псуе далейшае і без таго нялёгкае жыццё іх дзяцей. Ціцянкоў быў здзіўлены падобнай навіной: "Абяцаю, калі гэта выходзіць за межы прававога поля, мы абавязкова будзем разбірацца", — сказаў Міхаіл Сяргеевіч.
Напрыканцы сустрэчы з бацькамі гарадскі чыноўнік агучыў рашэнне: школа №9 будзе функцыянаваць. Чыноўнік даручыў супрацоўнікам адміністрацыі Фрунзенскага раёна знайсці будынак, дзе б дзеці разам з педагогамі маглі б працягваць навучанне...
Праўда, Міхаіл Ціцянкоў не патлумачыў, ці будзе ажыццяўляцца далейшы набор у гэтую школу. А гэтае пытанне надзвычай актуальнае. На жаль, колькасць дзяцей з парушэннямі псіхафізічнага развіцця і цяжкасцямі навучання з году ў год не змяншаецца...
Безвыніковы візіт
На сустрэчу ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна сталіцы прадстаўнікі бацькоўскага камітэта хадзілі ў мінулую пятніцу.
"Усё застаецца па-ранейшаму, быццам Ціцянкова ніхто і не пачуў, — гаворыць удзельніца сустрэчы Святлана Байрамава. — Ніхто ніякіх будынкаў, дзе б магла размясціцца школа, нам не паказаў. Нам прапанавалі паказаць школы, куды плануецца размеркаваць нашых дзяцей цэлымі класамі. Атрымліваецца, што школа №9 спыняе сваё існаванне, аднак мы супраць такога павароту падзей, і будзем змагацца далей. Чыноўнікі не разумеюць ці не хочуць разумець, што праблема гэтым не знімаецца. Ну, дадуць нашым дзецям давучыцца. А далей што? Куды ісці астатнім хворым дзеткам?"
Бацькі настроены ісці да канца ў справе захавання школы. Яны маюць намер звярнуцца да ўладыкі Філарэта. Зварот, у якім падрабязна расказваецца пра сітуацыю, накіраваны і ў Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі...
Навіны па тэме
14.05.2008 Як шукаюць зьніклых?
14.05.2008 Улады патрабуюць спыніць пратэсты супраць хімзаводу
08.05.2008 “Ленінскі кліч” супраць крычаўскіх апазыцыянэраў
08.05.2008 Мэдыкі патрабуюць вянуць донарам бясплатны праезд
08.05.2008 Ульяна Захаранка працягвае чакаць сына
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма







