Міхаіла Пашкевіча выключаюць з БДУ
08.04.2008.
Тэгі: студэнты, моладзевы актывіст, адлічэньні.
Крыніца: «Наша Ніва».
Моладзевага актывіста АГП адлічаюць з гістарычнага факультэту БДУ. Цэлы тыдзень хлопец ня можа атрымаць дазволу абараніць курсавую работу. А сёньня паведамілі, што найбліжэйшымі днямі яго адлічаць.
«Справа ў тым, што яшчэ летам мяне выключылі з ВНУ за ўдзел у выбарах у Менскі гарадзкі савет, за тое самае з гістфаку адлічылі і сябру Партыі БНФ Андруся Ігнатовіча. Я змог узнавіцца на завочным аддзяленьні, на 6-м курсе. Цяпер мне адмаўляюцца залічыць іспыт па мэтадалёгіі гісторыі, які я здаў. Аднак потым высьветлілася, што здаў я не свайму выкладчыку, і іспыт анулявалі. Не мая праблема, што ВНУ ня можа разабрацца з сваімі ўнутранымі пытаньнямі. Мне ў дэканаце адкрыта сказалі, што рашэньне аб маім выключэньні прымалася нават не на ўзроўні рэктара, а нашмат вышэй», — кажа М.Пашкевіч.
Фактычна, для атрыманьня дыплёму Пашкевічу заставалася толькі абараніць курсавую, а таксама здаць дзяржаўныя іспыты. Але, мабыць, такой магчымасьці ўжо не надарыцца. Як лічыць хлопец, выключэньне зьвязанае з крымінальнай справай за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня, удзеле ў сьвяткаваньні Дня Волі, а таксама тым, што ён стаў адным з заяўнікаў сёлетняга «Чарнобыльскага шляху».
Міхаіл кажа, што праблем з вучобай у яго ніколі не ўзьнікала да той пары, пакуль ён не пачаў браць актыўны ўдзел у палітычным жыцьці.
«Проста так саступаць я не зьбіраюся. Буду змагацца за свае правы. Зьбіраюся заўтра пракансультавацца зь юрыстам АГП Сяргеем Альферам, пасьля чаго ўжо выпрацую канчатковы плян дзеяньня. Ведаю толькі, што зьяжджаць на навучаньне ў Польшчу ня буду. Чарговы раз узнаўляцца ў БДУ таксама ня мае сэнсу, калі цяпер да канца вучобы застаецца некалькі крокаў. Трэба змагацца за сваё цяпер», — падсумоўвае М.Пашкевіч.
Навіны па тэме
15.10.2008 Франака Вячорку адпраўляюць у войска
11.10.2008 Два менскія студэнты стварылі электронную энцыкляпэдыю Беларусі
08.10.2008 За паўгода ў Гомелі збілі трох замежных студэнтаў
08.10.2008 Франка Вячорку прымусова паклалі ў вайсковы шпіталь
06.10.2008 Замежныя студэнты Гомельскага медуніверсітэта не вышлі на заняткі
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма











