Мілінкевіч: “Трэба займацца палітыкай не дзеля саміх сябе”
25.04.2008.
Тэгі: затрыманьні, палітыка, Мілінкевіч.
Крыніца: Прэс-служба А.Мілінкевіча.
30 cустрэчаў у 23 гарадах Беларусі, мноства затрыманняў, праколатыя колы, пытанні пра інфляцыю, льготы і карупцыю, пераадолены страх людзей, прафілактычныя гутаркі з міліцыяй – такі вынік паездак, што правёў на працягу трох месяцаў лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
За апошнія тры месяцы, пачынаючы з лютага, Аляксандр Мілінкевіч правёў трыццаць сустрэчаў у 23 гарадах Беларусі. У залежнасці ад горада, у іх прымала ўдзел ад 30 да 200 чалавек. Было пададзена больш за 20 заявак на афіцыйнае правядзенне сустрэчаў, аднак мясцовыя ўлады на ўсе адказалі адмоўна.
- Гэтыя сустрэчы дадаюць упэўненасці, што ў Беларусі усё больш людзей, якія хочуць змены сённяшняй палітыкі. Гэта гаворыць пра тое, што хутка Беларусь будзе іншай. Людзям патрэбна альтэрнатыва і ў бачанні Беларусі, і персанальная, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. – Такія сустрэчы – гэта разбурэнне страху ў людзях, змяншэнне апатыі, данясенне да іх інфармацыі, ацэнка грамадскіх настрояў. Сярод усіх пытанняў я б вылучыў тры асноўныя: пытанне росту цэнаў, скасавання льготаў і безабароннасці перад уладай. Гэтыя пытанні прагучалі ва ўсіх рэгіёнах і ў гэтым сэнсе краіна аднародная.
Падчас кожнай паездкі Аляксандра Мілінкевіча затрымлівалі супрацоўнікі ДАІ па самых розных прычынах: у аўтамабілі “перабітыя” нумары, для высвятлення асобы, па падазрэнні ва “ўгоне”. На сустрэчах прысутнічалі міліцыянты, спецназаўцы, супрацоўнікі ідэалагічных аддзелаў. Неаднаразова пасля сустрэчаў палітыка запрашалі ў РАУСы для тлумачэнняў. Падчас апошніх паездак па Брэсцкай і Гродзенскай вобласці двойчы былі праколаты колы аўтамабіля Аляксандра Мілінкевіча, а міліцыянты Гродна абвінавацілі палітыка ў крадзяжы золата.
- Такія дзеянні ўлады сведчаць толькі пра яе бездапаможнасць і непадрыхтаванасць да адкрытага дыялогу. А людзі разумеюць, што калі чыноўнікі так баяцца, то значыць, нешта ідзе не так. Улада павінна зразумець, што існаванне альтэрнатывы неабходнае, гэта натуральна, - пракаментаваў лідэр Руху “За Свабоду” дзеянні ўладаў.
У планах Аляксандра Мілінкевіча - працяг паездак па Беларусі, на травень запланаваны візіты па Мінскай і Віцебскай вобласцях: “Ездзіць варта, варта сустракацца з людзьмі, і ўсім дэмакратычным палітыкам трэба гэта рабіць. Мы павінны займацца палітыкай не дзеля саміх сябе!”
Навіны па тэме
03.10.2008 На чым зараз павiнны сканцэнтравацца дэмакратычныя сiлы?
02.10.2008 Сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі “затрымаў” вылет самалёта на 20 хвілінаў
01.10.2008 ЗША могуць адмяніць санкцыі ў дачыненні беларускіх прадпрыемстваў
29.09.2008 Пераслед актывістаў пасьля мітынгу 28 верасня
28.09.2008 У Мінску пачаліся першыя затрыманні
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма











