“Сьвечка памяці” ў Бярозе
28.04.2008.
Тэгі: акцыі, Чарнобыль.
26 красавіка група сябраў палітычных партыяў, НДА і звычайных грамадзянаў (пераважна маладых) г. Бярозы Берасьцейскай вобл. ладзілі ўжо традыцыйную “сьвечку памяці”-гадзіну смутку і жалобы — на гарадзкой плошчы Бярозы, аддаючы такім чынам даніну памяці Чарнобыльскай трагедыі і памяці тых людзей, што заўчасна пайшлі з жыцьця ў выніку Чарнобылю.
Менавіта на гарадзкой плошчы 1 травеня 1986 г. улады праводзілі першамайскую дэманстрацыю (адразу пасьля Чарнобыльскага выбуху). Таму як раз на гэтай плошчы ўжо больш 5 гадоў ладзіцца “сьвечка памяці” — ланцуг людзей з запаленымі сьвечкамі. Мінулыя гады ахоўнікі правапарадку заўсёды прысутнічалі на плошчы, але вынік заўсёды быў “мірны”.
26 красавіка г.г. пасьля гадзіны смутку супрацоўнікамі Бярозаўскага РАУС быў затрыманы і адвезены ў РАУС сябра Партыі БНФ, праваабаронца сп. Сяржук Русецкі, якога яны палічылі арганізатарам несанкцыянаванага пікету. У РАУС на сп. Русецкага быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні, зь якім той не пагадзіўся, паколькі лічыць, што ніякага пікету ён не арганізоўваў і не праводзіў, таму і дазволу на правядзньне “сьвечкі памяці” ад раённых уладаў не было патрэбна. Канчатковую кропку ў гэтай справе мусіць паставіць суд.
Навіны па тэме
20.12.2008 Гомельскія актывісты правялі акцыю "У будучыню - без КДБ"
16.12.2008 Моладзь патрабуе рэабілітацыі асуджаных па палітычных матывах
11.12.2008 Акцыі праваабаронцаў выклікалі ў жодзінцаў выключна станоўчыя эмоцыі
11.12.2008 Жыхары Аршаншчыны радаваліся юбілейным асобнікам Дэкларацыі
11.12.2008 У Баранавічах акцыя праваабаронцаў – у моладзевым асяродку
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








