Галоўныя навіны
07.10.2008
Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, верасень 2008 году
29.09.2008
ПАРЛАМЕНЦКІЯ ВЫБАРЫ: ПРАВААБАРОНЦЫ АГУЧЫЛІ ПАПЯРЭДНІЯ ВЫСНОВЫ
28.09.2008
УВАГА! ПАВЕДАМЛЕННЕ ДЛЯ ЖУРНАЛІСТАЎ (Адноўлена)
27.09.2008
Перадвыбарчая агітацыя. Вынікі маніторынгу і высновы
20.09.2008
Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі і абагульненні
17.09.2008
Валянцін Стэфановіч: Зьяўляецца дадатковая верагоднасьць крымінальнага перасьледу іншадумцаў
17.09.2008
КДБ лічыць газэту “Свабода” экстрэмісцкай
15.09.2008
Праваабарончы цэнтр “Вясна” пратэстуе супраць падрыхтоўкі ўладамі масавых рэпрэсій у перыяд выбарчай кампаніі
13.09.2008
Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі і абагульненні
12.09.2008
Расклад не змяніўся: 12 акругаў засталіся безальтэрнатыўнымі
11.09.2008
Менск: Ярмошына асабіста аддала незаконны загад аб нумарацыі выбарчых участкаў
06.09.2008
Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, ліпень-жнівень 2008 году


Караць нельга памілаваць

28.04.2008. Тэгі: сьмяротнае пакараньне.
Крыніца: «Наша Ніва».

Эўрапейскія чыноўнікі, відаць, кепска арыентуюцца ў найноўшай гісторыі Рэспублікі Беларусі. Яны ня ведаюць, што ня толькі ўся цяперашняя сыстэма ўлады ў РБ, але таксама інстытуцыя пакараньня сьмерцю былі падтрыманыя большасьцю на рэфэрэндуме 1996 году.

Калі Данія і Францыя на рэфэрэндумах выказаліся супраць Эўрапейскай канстытуцыі, гэты дакумэнт давялося моцна перапрацаваць і нават адмовіцца ад тэрміну… «канстытуцыя».

Але іронія тут не да месца.

У чым «фішка»

Ёсьць рэчы, якія ня можна давесьці. Нельга давесьці чалавеку, што ёсьць Бог, калі гэты чалавек атэіст. Нельга давесьці, што бел‑чырвона‑белы сьцяг, «Пагоня» і Дзень Волі ёсьць нацыянальнымі сьвятынямі, і таму іх немагчыма скасаваць ані ўказам, ані плебісцытам. Бо кожны можа атрымаць ад дзяржавы за гэтыя сымбалі дручком па галаве. Нікога не пераканаеш, што жыцьцё чужога чалавека ёсьць абсалютнай каштоўнасьцю (менавіта чужое, а не сваё — у гэтым, як кажуць, фішка), бо дзяржава з нашага маўклівага дазволу мае права караць людзей сьмерцю. То бок у нашай гіерархіі каштоўнасьцяў яна стаіць вышэй за Бога.

Амаль кожны дзень мы бачым на экранах тэлевізараў забойствы і катаваньні. І ня толькі недзе ў Іраку або ў Дарфуры. Тэлеканалы (у тым ліку беларускія) у самы лепшы для праглядаў час паведамляюць пра рознаго роду маньякаў «айчыннай вытворчасьці». Тэлебачаньне абсмоктвае з усіх бакоў біяграфіі гэтых маньякаў і спосабы, якімі тыя ўмярцьвялі сваіх ахвяраў — жанчын, падлеткаў, маленькіх дзяцей. Публіка жахаецца і крычыць: «укрыжуй яго!» — то бок забойцу.

Ня толькі сваякі ахвяры, усё грамадзтва прагне сьвятой помсты.

Між тым, мала хто з нармальных людзей здольны ўласнымі рукамі стрэліць асуджанаму на сьмерць у патыліцу…

Паводле былога начальніка СІЗА на Валадарскага, які загадваў «выкананьнем сьмяротных прысудаў», Алега Алкаева, менавіта такім спосабам забіваюць асуджаных у Беларусі. Значыць, дзяржава ўтрымлівае на службе забойцаў, плаціць ім зарплату, пэнсію. Значыць, забойства, зьдзейсьненае імем дзяржавы, ужо ня ёсьць злачынствам, а ўсяго толькі выкананьнем прафэсійнага абавязку? А ў чым вінаватыя сваякі злачынцаў, іх дзеці, якім не дазваляюць забраць парэшткі расстралянага, не дазваляюць уведаць нават, дзе яны пахаваныя? За што іх караюць? Можа быць, як і стрэл у патыліцу, гэта таксама традыцыя часоў НКВД, калі сын за бацьку адказваў жыцьцём ці свабодай?

Чаго нам саромецца?

Але шырокай публіцы, то бок нам з вамі, ведаць і думаць пра ўсё гэта нецікава.

Нам лёгка і амаль што прыемна чытаць пра мільёны забітых у гітлераўскіх канцлягерах альбо пра мільёны ахвяраў сталінскага ГУЛАГу, бо гэта — статыстыка. І ні ў кога не хапае фантазіі паставіць сябе на месца хоць адной ахвяры. Альбо ката.

У Кітаі, які займае першае месца паводле колькасьці сьмяротных пакараньняў у сьвеце, да нядаўняга часу праводзілі паказальныя расстрэлы карупцыянэраў — на стадыёнах, у прысутнасьці публікі, ды яшчэ з трансьляцыяй у этэр. Невядома, ці зьменшылася ад гэтага карупцыя ў краіне, але падобныя шоў апошнім часам там больш не практыкуецца. Мабыць, у сувязі з маючай адбыцца ў Пэкіне Алімпіядай‑2008.

У Беларусі пра пакараньне сьмерцю ўвогуле лічаць за лепшае не гаварыць. Маньякаў у судзе паказваць можна, апісваць іх злачынствы можна, агучваць ці публікаваць прысуды можна, а вось казаць пра само сьмяротнае пакараньне — не. Яны выконваюцца, кажучы кампутарнай мовай, паводле ўмаўчаньня. Дзяржава як бы саромеецца чагосьці. Хаця чаго ёй саромецца, калі грамадзкая думка (ці грамадзкія інстынкты) у дадзеным пытаньні на яе баку? І так яшчэ доўга, відаць, будзе.

Ёсьць і іншы бок справы. Які дачыненьня да маралі ня мае і які называецца «палітыкай». Пасьля таго, як усе спробы Эўрасаюзу прымусіць улады РБ вызваліць палітзьняволеных ці нейкім іншым чынам прадэманстраваць лібэралізацыю рэжыму скончыліся марна, эўрапейскія палітыкі вырашылі зайсьці зь іншага боку. Што калі ўгаварыць афіцыйны Менск абвясьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне?

Не палітыкай адзінай

Падмуркаў цяперашняга рэжыму гэта не закранае. У Расеі, напрыклад, мараторый ніякім чынам не перашкодзіў згортваньню дэмакратыі ці ўжываньню рэпрэсіяў супраць няўгодных (справа Хадаркоўскага і інш.) А Захад у такім выпадку мог бы запісаць сабе на рахунак тактычную перамогу ды абвясьціць, што Беларусь устала на «эўрапейскі шлях». А значыць, і санкцыі будуць не патрэбныя, можна далей весьці дыялёг з рэжымам…Так разважаюць многія ў Беларусі, у тым ліку і ў асяродку апазыцыйных журналістаў.

Што тут можна сказаць? Падставы апасацца магчымых палітычных спэкуляцыяў, на жаль, даюць абодва бакі — і афіцыйны Менск, і Страсбур з Брусэлем.

Але чамусьці падаецца, што і ў гэтым пытаньні, як і ў шмат якіх іншых «цывілізацыйных» пытаньнях, наўрад ці магчымы кампраміс Лукашэнкі з Эўропай. (Пра ЗША паводле зразумелых прычынаў можна тут ня згадваць). Права караць сьмерцю ёсьць для сёньняшняга рэжыму адным з падставовых пытаньняў. Як і дзяржаўная сымболіка, гэтае права таксама ёсьць сымбалем. Сымбалем абсалютнай улады над чалавекам. Такой улады, якую можа мець толькі Бог.

Уявіць сабе, што Лукашэнка паступіцца хоць бы часткай сваёй улады, вельмі цяжка.

Але калі абставіны ўсё ж складуцца такім чынам, што рэжым вымушаны будзе пайсьці на кампраміс пад ціскам Масквы і Захаду адначасова, то тады тактычныя наступствы мараторыю ня будуць гэтулькі ўжо важнымі. Калі хоць бы на нейкі час дзяржава спыніць расстрэлы — гэта ня будзе мець кардынальнага палітычнага значэньня для Беларусі. Гэта будзе мець, у першую чаргу, маральнае значэньне. І гэта, дальбог, ужо нямала. А там пабачым.

Віталь Тарас

Дадаць камэнтар

Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары

Камэнтары

Камэнтароў да гэтага артыкулу няма

rating all.by Яндекс цитирования