Настаўнікі сусветнай мастацкай культуры просяць захаваць іх прадмет у школе
23.05.2008.
Тэгі: звароты, заканадаўства, адукацыя.
Крыніца: Радыё "Рацыя".
Настаўнікі сусветнай мастацкай культуры больш чым з 20 гарадоў Беларусі выступілі з адкрытым лістом наконт запланаванага скарачэння вучэбнай нагрузкі ў школе за кошт гуманітарных дысцыплін.
Тэкст адозвы БелаПАН перадала кіраўнік мазырскага раённага метадычнага аб'яднання настаўнікаў айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, аўтар шматлікіх работ па сваёй спецыяльнасці Святлана Філімонава.
Пад лістом стаяць прозвішчы педагогаў з Гомеля, Гродна, Магілёва, Мінска, Віцебска, раённых цэнтраў. Настаўнікаў падтрымала ўдава сусветна вядомага рэчыцкага мастака Аляксандра Ісачова.
"Ідэя скараціць вучэбную нагрузку за кошт дысцыплін адукацыйнай галіны "мастацтвы", у тым ліку за кошт прадмета "айчынная і сусветная мастацкая культура", гучыць як нонсенс на фоне звароту прэзідэнта да народа і парламента, у якім гаворка ішла аб духоўным здароўі нацыі. Дысцыпліна СМК — краевугольны камень у выхаванні духоўнасці нашых дзяцей. Усяго ў трох класах па адной гадзіне ў тыдзень адводзілася гэтаму прадмету. (Для параўнання: у Расіі СМК пачынаюць вывучаць з 5 класа і да выпуску).
У большасці школьнікаў урокі матэматыкі будуць запатрабаваны для пераліку грашовых купюр у кашальках, хімія — для набыцця мыйных сродкаў, біялогія — каб адрозніць сардэчны боль ад ныркавага, геаграфія — для арыентацыі ў частках свету, фізіка ў быце абмяжуецца закіпаннем вады ў чайніку. Але хто мы без душы, без культурнай спадчыны мінулага? З выхаваннем у школьнікаў патрыятызму могуць справіцца толькі дысцыпліны галіны "мастацтвы". Менавіта яны ствараюць баланс "адукацыя-выхаванне".
Заклікаем усіх, ад каго залежыць прыняцце рашэнняў аб адукацыі, не зрабіце памылкі. Нашчадкі гэтага не даруюць", — гаворыцца ў лісце настаўнікаў.
Як зазначыла С.Філімонава, падобныя лісты былі накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта і Беларускі экзархат.
Навіны па тэме
10.10.2008 Міхаіл Пастухоў: “Гэта рэпрэсіўны закон”
08.10.2008 На кожнае прадпрыемства будзе прыстаўлены супрацоўнік КДБ
03.10.2008 Дэпутаты стануць пракурорамі?
18.09.2008 Студэнтам за датэрміновае галасаваньне абяцаюць дадатковы выходны
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма











