Алесь Бяляцкі: Дакладная лічба затрыманых невядомая
17.07.2008.
Тэгі: затрыманьні, праваабаронцы, выбух 4 ліпеня.
Крыніца: «Наша Ніва».
Зьвесткі пра колькасьць затрыманых па справе выбуху 4 ліпеня няпэўныя і грунтуюцца на чутках, кажа сп. Бяляцкі. Нехта з падазраваных пачуў ад ахоўнікаў, што трэба засяляць наступны паверх. А гэта можа азначаць, што паверх, на якім утрымліваюць затрыманых, запоўнены і на ім знаходзяцца некалькі дзясяткаў чалавек. Сваякі падазраваных спрабуюць вылічыць агульную іх колькасьць, сустракаючыся у час перадачаў пад сьценамі турмы. У любым разе, мяркуе праваабаронца, дакладных лічбаў у сытуацыі, калі сьледзтва не агучвае адпаведнай інфармацыі, грамадзтва пакуль ня ведае.
Практыка паказвае, што, як правіла, найперш вядомымі становяцца прозьвішчы тых затрыманых, што зьяўляюцца, ці зьяўляліся актывістамі дэмакратычнага руху. Але гэта не азначае, што сваякі непалітычных затрыманых ня ведаюць пра лёс сваіх родных, адзначыў А. Бяляцкі. Кожны затрыманы мае права на тэлефанаваньне і адваката. А ўжо паведамляць журналістам, ці не рабіць гэтага — права родных падазраванага.
Праваабаронца нагадаў пра так званую «хімічную» вэрсію выбуху.
«Гэта таксама адпаведна характарызуе нашых сьледчых, якія найперш шукаюць факты, што ляжаць на паверхні» — заўважыў ён.
Па зьвестках праваабаронцаў, у СІЗА акрамя студэнткі БДУ Тацяны Пекун, знаходзяцца некалькі былых студэнтаў‑хімікаў.
Навіны па тэме
14.10.2008 Праваабаронцы становяцца неўязнымі ў краіны Шэнгенскага пагадненьня?
14.10.2008 У праваабаронцаў – дні нараджэньня
13.10.2008 Па справе выбуху дапытваюць нават дзяцей
10.10.2008 Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў былы фінскі прэзыдэнт
10.10.2008 Учынены напад на салігорскую праваабаронцу
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма











