З-за дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ Партыя БНФ і АГП могуць адмовіцца ад выбараў, а ПКБ падае ў суд на Аляксандра Лукашэнку, Белтэлерадыёкампанію і БелТА
11.08.2008.
Тэгі: партыя, СМІ, выбары-2008.
Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя могуць адмовіцца ад удзелу ў парламенцкіх выбарах з прычыны іх паслядоўнай дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ. Партыя камуністаў Беларуская з той жа нагоды збіраецца падаць у суд зыск да кіраўніка дзяржавы, Белтэлерадыёкампаніі і агенцтва БелТА.
Адпаведныя рашэнні былі прынятыя падчас пазачарговых з’ездаў вышэйназваных партый, што прайшлі ў Мінску ў гэтыя выходныя.
«Хто глядзіць дзяржаўнае тэлебачанне і чытае дзяржаўную прэсу, у тым ліку і мясцовую, той бачыць, якім чынам падаюцца апазіцыйныя сілы і Партыя БНФ у прыватнасці: як нейкія адшчапенцы, беспрацоўныя, якія нічога не ўмеюць і не здольныя нічога рабіць, — адзначыў кіраўнік ПБНФ Лявон Баршчэўскі. – Я з уласнага досведу збору подпісаў ведаю, што такая прапаганда моцна ўздзейнічае на людзей, якія адмаўляюцца ставіць подпісы, спасылаючыся на інфармацыю з дзяржаўных медыя. Тобок, яўна ствараюцца няроўныя ўмовы для ўдзелу ў выбарчай кампаніі…»
Па словах Лявона Баршчэўскага, Партыя БНФ вядзе маніторынг матэрыялаў у прэсе, якія тычацца сябраў партыі і самой арганізацыі. «Праз пэўны час мы падсумуем вынікі і прымем канчатковае рашэнне што да нашага далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, — заявіў лідэр ПБНФ. — Кампанія па дыскрэдытацыі нашай партыі і нашых сябраў у дзяржаўных медыя можа стацца адной з прычын магчымага спынення ўдзелу Партыі БНФ у выбарчай кампаніі».
Аб’яднаная грамадзянская партыя таксама з прычыны перадузятага стаўлення да сваіх кандыдатаў з боку дзяржаўных медыя можа спыніць удзел у выбарах. «Сярод чатырох умоваў нашага ўдзелу ёсць і роўны доступ усіх кандыдатаў у дэпутаты да электронных медыя, — падкрэсліў старшыня АГП Анатоль Лябедзька. – Калі гэтыя ўмовы не будуць выкананыя, мы не выключаем магчымасці зняць нашых кандыдатаў напярэдадні галасавання».
Партыя камуністаў Беларуская ад удзелу ў выбарах не адмаўляцца і збіраецца змагацца з дыскрэдытацыяй іншым шляхам. Пленум Партыі камуністаў Беларускай, які адбыўся ў нядзелю адразу пасля пазачарговага з’езду ПКБ, пастанавіў падаць у суд на кіраўніка дзяржавы, які ў звязку з выбухамі ў Мінску 4 ліпеня заявіў, што «камуністы-калякінцы» вызнаюць «фашысцкую ідэалогію».
У якасці суадказчыкаў ПКБ бачыць Белтэлерадыёкампанію і дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, якія рэтранслявалі словы Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта прэс-службе БАЖ паведаміў сакратар ЦК ПКБ Сяргей Вазняк.
Навіны па тэме
20.11.2008 Былога кандыдата абавязалі вярнуць “выбарчыя” грошы
20.11.2008 Cябра выбарчай камісіі пакаралі за фальсіфікацыю
20.11.2008 Актывіста папярэдзілі пра звальненне
20.11.2008 Слонім: старшыня й сакратар участковай камісіі не зьявіліся ў суд
18.11.2008 Суд шукае перакладчыка для былога кандыдата ў дэпутаты
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








