У межах Беларускага добраахвотнага таварыства будзе створаны клуб "Меморыя"
18.08.2008.
Тэгі: грамадскія арганізацыі.
Крыніца: БелаПАН.
У межах Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры будзе створаны клуб "Меморыя". Такое рашэнне прынята ўдзельнікамі летняга валанцёрскага міжнароднага лагера ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Лагер працаваў з 30 ліпеня па 17 жніўня пад эгідай таварыства.
Як паведаміў старшыня арганізацыі Антон Астаповіч, больш як 20 добраахвотнікаў рознага ўзросту з Беларусі і Польшчы працавалі ў межах міжнароднай праграмы Мemoria ("Валанцёры за ахову культурнай спадчыны Еўропы"), скіраванай на захаванне трансгранічных аб'ектаў еўрапейскай гісторыка-культурнай спадчыны. Падтрымку праграме аказалі фонд Стэфана Баторыя (Польшча) і маладзёжная арганізацыя Regijоnet з польскага горада Познань.
Паводле слоў А.Астаповіча, удзельнікі лагера прыбралі смецце з тэрыторыі старажытных яўрэйскіх могілак у Паставах на вуліцы Бальнічнай. Паднята больш за 15 надмагільных пліт, што ўраслі ў зямлю; праведзена інвентарызацыя могілак, складзены іх электронны план з фотафіксацыяй асобных пахаванняў. Гэты план будзе перададзены Музею гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі ў Мінску. Апрача таго, каля Задзвейскага возера, на захад ад Пастаў, валанцёры правялі абмеры, фотафіксацыю і нанеслі на карту больш як 25 дотаў сістэмы фартыфікацыйных збудаванняў арміі Германскай імперыі ў гады Першай сусветнай вайны.
"Мы будзем звяртацца ў Міністэрства культуры з прапановай надаць гэтаму ансамблю статус гісторыка-культурнай каштоўнасці", — сказаў Астаповіч. Паводле яго слоў, унясенне гэтых абарончых умацаванняў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь дазволіць прадухіліць іх разбурэнне, паколькі штогод у нямецкіх дотах мінёры знаходзяць і ўзрываюць каля 6 тысяч адзінак боепрыпасаў перыяду Першай сусветнай вайны.
Старшыня таварыства выказаў удзячнасць уладам Пастаўскага раёна за дапамогу ў правядзенні лагера.
Сярод бліжэйшых праектаў клуба "Меморыя" А.Астаповіч назваў ахову тэрыторыі былых Мінскіх брацкіх могілак часоў Першай сусветнай вайны, догляд Кальварыйскіх могілак, а таксама арганізацыю другога валанцёрскага лагера ў Пастаўскім раёне сумесна з ваенна-пошукавым клубам "ВІККРУ-Мінск", паведамляе БелаПАН.
Навіны па тэме
17.11.2008 Апазыцыянэр падаў у суд на МЗС
24.10.2008 Жыхары Дружнага збіраюцца стварыць рэспубліканскую экалагічную арганізацыю
23.10.2008 А.Мілінкевіч пойдзе ў Мінюст чацьвёрты раз
22.10.2008 Арганiзацыi пенсiянераў зноў адмоўлена ў рэгiстрацыi
22.10.2008 ТБМ хоча, каб у законе аб мовах не было “ці” і “або”
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








