Пакараныя ў “справе 14-ці” фактычна пад хатнім арыштам
04.09.2008.
Тэгі: пакараньне, справа 14-ці.
Крыніца: Радыё «Свабода».
Нагадаем: улады абвінавацілі 14 чалавек у арганізацыі масавых беспарадкаў, якія нібыта мелі месца 21 студзеня падчас акцыі прадпрымальнікаў. Андрэя Кіма абвінавацілі яшчэ ў пагрозе міліцыянту 10 студзеня. Суд у два этапы пакараў 13 чалавек. Уладзімера Сяргеева і Антона Койпіша штрафам, а астатніх актывістаў – абмежаваньнем волі на розныя тэрміны. Адбываць пакараньне яны будуць па месцы жыхарства.
Алесь Стральцоў паведаміў “Свабодзе”:
“На практыцы гэта азначае, што я не магу наведваць кватэры іншых людзей. Я не магу наведваць выставы і, увогуле, ніякія культурна-масавыя мерапрыемствы, ня кажучы ўжо пра палітычныя. Я не магу звольніцца з працы на ўласнае жаданьне. Калі ў мяне няма працы – а цяпер у мяне яе няма – то я абавязаны цягам 15 дзён яе знайсьці, або мне загадаюць куды пайсьці працаваць. Адмовіцца будзе нельга.
Я маю толькі адну гадзіну, каб схадзіць у краму ці яшчэ куды мне трэба. Не магу пакідаць без дазволу межы свайго населенага пункту. Ну, яшчэ я не магу недзе пунктаў зь дзясятак. Гэта фактычна хатні арышт”.
Прадпрымальнік Міхась Субач атрымаў прадпісаньне 2 верасьня:
“Канешне, я не лічу сябе вінаватым. Што тычыцца тых умоваў, у якіх я буду адбываць пакараньне, то тут нават мой сябар прыйшоў да мяне і запытаўся ці маю я права хадзіць на рынак. Але я й сам дакладна пакуль ня ведаю. Трэба будзе спытаць. Мае сваякі спакойна паставіліся, бо яны ўжо крыху прызвычаіліся”.
Міліцыянты некалькі разоў тэлефанавалі Алесю Чарнышову і пагражалі прымусова даставіць яго ў аддзел міліцыі.
“Сёньня чарговы раз патэлефанавалі з Цэнтральнага РУУС. Патрабуюць, каб я прыйшоў і стаў на афіцыйны ўлік. Дамовіліся, што я пайду да іх у панядзелак і стану на ўлік”, – паведаміў Алесь Чарнышоў.
Калі пакараныя двойчы парушаць правілы адбыцьця пакараньня, іх могуць накіраваць у папраўчыя калёніі, дзе яны будуць рэальна пазбаўленыя волі.
Менскі суд пакінуў прысуд у сіле. Засталася яшчэ адна інстанцыя – Вярхоўны суд, але ніхто з пакараных ня верыць, што прысуд будзе скасаваны.
Навіны па тэме
29.10.2008 Суд не задаволіў скаргу Ўладзімера Сяргеева
29.10.2008 Удзельнікі акцыі салідарнасьці правялі вечар у пастарунку
28.10.2008 У Беларусі ізноў з’явіўся палітвязень
28.10.2008 «Працэс чатырнаццаці»: новы палітвязень
17.10.2008 Маладафронтавец Дубскі папрасіў прытулку ва Ўкраіне
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








