Затрыманы падазраваны ў дачыненьні да выбуху 4 ліпеня
06.10.2008.
Тэгі: выбух 4 ліпеня.
Крыніца: Радыё «Свабода».
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі грамадзяніна Беларусі, якога падазраюць у дачыненьні да выбуху 4 ліпеня ў Менску. Гэта 21-гадовы Аляксандр Корык, які да нядаўняга часу працаваў у кампаніі "Уладпрадімпарт".
Ён ураджэнец Бярэзінскага раёна Менскай вобласьці, некаторы час вучыўся ў Менскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы.
Як расказаў БелаПАН Аляксандр Гузаў, сябар затрыманага, з якім яны разам здымалі кватэру, А.Корык сам зьвярнуўся ў міліцыю і паведаміў аб выпадку, які адбыўся зь ім за адзін-два тыдні да падзей на сьвяткаваньні Дня незалежнасьці ў Менску.
Летам А.Корык працаваў у кампаніі "Уладпрадімпарт" (звольніўся ў сярэдзіне верасьня), якая пастаўляе ў Беларусь у тым ліку сок "Садочак", які фігуруе ў справе аб выбуху. Аднойчы, калі А.Корык вяртаўся дадому пасьля выкладкі тавару ў гіпермаркеце "Гіпа", на прыпынку з просьбай закурыць да яго зьвярнуліся невядомыя маладыя людзі, стан якіх ён расцаніў як неадэкватны. Нібыта ў якасьці падзякі за некалькі цыгарэт яны параілі незнаёмцу пакінуць горад, паколькі будуць узрываць Менск. Пра гэта А.Корык распавёў сябру пасьля выбуху 4 ліпеня, а потым у міліцыі.
Пасьля гэтага, паводле слоў А.Гузава, сябра пачалі выклікаць на допыты, а 30 верасьня А.Корыка затрымалі і памясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна.
Паводле кіраўніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязей ГУУС Менгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага, цяпер праводзяцца апэратыўна-сьледчыя мерапрыемствы для ўсталяваньня яго дачыненьня да дадзенага злачынства.
Навіны па тэме
19.12.2008 У Гомелі міліцыя ўзяла адбіткі пальцаў у незалежнага журналіста Дзмітрыя Кармазіна
01.12.2008 Спыняецца крымінальны перасьлед у дачыненьні да актывістаў, падазраваных у выбуху ў Менску
13.10.2008 Па справе выбуху дапытваюць нават дзяцей
03.10.2008 Пагалоўная дактыласкапія ўсіх беларусаў?
17.09.2008 Як кругі на вадзе…
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








