Эўрадэпутатам не далі беларускай візы, бо ніхто й не прасіў
21.10.2008.
Тэгі: палітыка, Еўрапарламент.
Крыніца: Польскае радыё.
На працягу апошніх дзён незалежныя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі й за мяжою, са спасылкай на прэс-службу Эўрапарлямэнту, распаўсюджвалі інфармацыю пра заклік эўрадэпутатаў да ўладаў у Менску “зьняць забарону на ўезд у Беларусь з палітыкаў краін ЭЗ”. Як даведалася Беларуская служба Польскага радыё, гэтае паведамленьне не адпавядае сапраўднасьці, паколькі цягам апошніх двух-трох месяцаў ніводзін з эўрадэпутатаў не спрабаваў атрымаць беларускай візы.
Як паведамілі нашай радыёстанцыі ў сакратарыяце латыскага эўрадэпутата Альдзіса Кускіса, які зьяўляецца намесьнікам старшыні дэпутацкай групы ЭП па сувязях зь Беларусьсю, паведамленьне прэс-службы Эўрапейскага парлямэнту некарэктнае. Ніводзін з эўрадэпутатаў не атрымаў беларускай візы па банальнай прычыне – ніхто па ўязную беларускую візу ў консульскія ўстановы Беларусі за мяжою і не зьвяртаўся.
Факты адмовы ў візе ня змог узгадаць і старшыня згаданай парлямэнцкай групы, польскі эўрадэпутат Яцак Пратасевіч. Падчас парлямэнцкіх выбараў ён без праблемаў перакрочыў беларускую мяжу на падставе дыпляматычнага пашпарту.
Я. Пратасевіч: Дыпляматычны пашпарт дазваляе перакрочваць мяжу без патрэбы атрыманьня візы. Таму я нават і не зьвяртаўся па візу. Па неафіцыйнай інфармацыі пасольства Беларусі ў Брусэлі, я даведаўся, што калі б зьвярнуўся па візу, то мне яе не далі б. Адпаведна я паехаў па дыппашпарце. За апошнія месяцы я два разы беспраблемна перакрочваў беларускую мяжу па гэтым пашпарце.
Калі б на мяжы беларускія памежнікі паведамілі Яцаку Пратасевічу, што яго асоба непажаданая на Беларусі, то гэтым яны аўтаматычна парушылі б дамову паміж ЭЗ і Беларусьсю. У мінулым такія выпадкі ўжо здараліся. Летась беларускія памежнікі не пусьцілі на тэрыторыю краіны віцэ-маршалка польскага Сэйму Кшыштафа Путры й цяпершаняга прэм’ера Дональда Туска. Падставай адмовы на ўезд стаўся загад вышэйшага кіраўніцтва. Падчас выбарчай кампаніі 2006 году штамп “уезд забаронены” памежнікі паставілі эўрадэпутату Янушу Анышкевічу, але праз год палітык наведаў Менск, дзе ўдзельнічаў у “Эўрапейскім маршы”. Былі выпадкі, калі перакрочыць беларуска-польскую мяжу не дапамагла й віза. Так сталася са старшынём арганізацыі „Wspolnota Polska” прафэсарам Анджэем Стэльмахоўскім, якому беларускія памежнікі паставілі пячатку “анулявана” на беларускай візе, якую ён днём раней атрымаў у консульстве Беларусі ў Варшаве.
Наведаць Беларусь падчас парлямэнцкіх выбараў хацеў галяндзкі эўрадэпутат Ян Марынус Віерсма. Адпаведную заяву ён падаў яшчэ ў чэрвені, але адказу, ці то пазытыўнага, ці нэгатыўнага, так і не дачакаўся.
Гаворыць супрацоўнік яго сакратарыяту ў Страсбургу.
Асыстэнт: Мы ня мелі ніякай рэакцыі. Мы маглі націскаць на беларускае дыппрадстаўніцтва, але, ня маючы на руках адказу, мы не хацелі. З таго, што мы даведаліся па нашых інфармацыйных крыніцах, гэтая сытуацыя цяпер абмяркоўваецца, і мы зможам спрабаваць ізноў у наступным месяцы.
28 кастрычніка ў Вільні мае адбыцца сустрэча дэпутатаў з дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю. Як паведамлялася ў прэс-рэлізе ЭП, беларускія ўлады адмовілі эўрадэпутатам наведаць краіну. Як распавёў нашай радыёстанцыі Яцак Пратасевіч, афіцыйнай адмовы ніводнаму з эўрадэпутатаў не было.
Я. Пратасевіч: Гэтае паседжаньне мы заплянавалі яшчэ перад парлямэнцкімі выбарамі. Мы сьвядома выбралі Вільню, як альтэрнатыву Менску. У чэрвені я прапанаваў беларускаму амбасадару ў Брусэлі арганізаваць паездку эўрадэпутатаў у Беларусь, якраз на парлямэнцкія выбары. Рэакцыі на гэтую прапанову ня было, на мове дыпляматыі гэта азначае адмову. Афіцыйна мы не атрымалі ані згоды, ані адмовы. Зь неафіцыйныых крыніцаў мы даведаліся, што некаторым дэпутатам, у тым ліку й мне, візы не дадуць.
Складваецца ўнікальная сытуацыя: Эўрапарлямэнт папракае беларускія ўлады ў тым, што яны не даюць эўрадэпутатам візаў, але ў той жа час ніхто з эўрадэпутатаў афіцыйна не зьвяртаўся ў беларускія дыппрадстаўніцтвы. Эўрадэпутаты спасылаюцца на неафіцыйную інфармацыю, што іх наведваньне Беларусі непажаданае, але ў той жа час без праблемаў наведваюць Беларусь па дыпляматычным пашпарце.
Складваецца ўражаньне, што ЭЗ патрабуе ад Беларусі яснай дэклярацыі аб адмене забароны на ўезд у краіну эўрапейскіх палітыкаў. Але ў адрозьненьне ад Брусэлю, Менск ніколі не апублікаваў “чорнага сьпісу”, адпаведна, няма ад чаго й адмаўляцца. Да таго ж прызнаньне сваіх пымылак – гэта ня тая рыса характару, якою можа пахваліцца афіцыйны Менск.Навіны па тэме
09.01.2009 Лукашэнка падпісаў закон аб прадстаўніцтве Еўракамісіі ў Беларусі
05.01.2009 У 2009 годзе АДС будзе вызначаць стратэгію ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах
20.10.2008 Дэпутатам Эўрапарлямэнту не далі візаў у Беларусь
16.10.2008 Юры Чаусаў: «Германія ужо прызнае, што беларускія праваабаронцы непажаданыя асобы ў Еўропе?”
13.10.2008 Пяць чыноўнікаў застаюцца неўязнымі ў ЭЗ
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








