А судзьдзі хто?
14.11.2008.
Тэгі: злоўжываньні, судзьдзі.
Крыніца: «Наша Ніва».
На нарадзе ў чацьвер Лукашэнка даручыў старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукалу вызваліць ад пасад судзьдзяў Алену Ільіну, Валер’я Есьмана і Тацяну Паўлючук. Усе яны аказаліся замешанымі ў карупцыйным скандале разам з пракурорам Менскай вобласьці Міхаілам Сьнегіром.
«Якую вы думаеце пазыцыю занялі судзьдзя Ільіна, Есьман, Паўлючук? Судзьдзя Ільіна ўзгадняла па тэлефоне (ня толькі апазыцыю праслухоўваюць, як бачым — Рэд.) са Сьнегіром пасьлядоўнасьць сваіх дзеяньняў. А судзьдзі Есьман і Паўлючук прымалі рашэньне накласьці спагнаньне на зьёмшчыка кватэры Сідаровіча за нібыта самавольную перапляніроўку кватэры», — эмацыйна зазначаў Лукашэнка.
Варта зазначыць, што ўсе пералічаныя судзьдзі лічацца найбольш адыёзнымі сярод апазыцыі. Алена Ільіна асудзіла на два гады калёніі Андрэя Клімава, а Андрэю Кіму дала паўтара году турмы. Валеры Есьман у свой час пакараў двума гадамі «хіміі» барысаўскіх «зуброў» Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра, ён дасуджваў за Ільіной фігурантаў «працэсу чатырнаццаці». А літаральна праз пару тыдняў Есьман мусіў пачаць разгляд крымінальнай справы Аляксандра Баразенкі. Адміністрацыйныя суды ў Тацяны Паўлючук праходзяць як па канвэеру. Толькі сёлета яна пакарала рознымі тэрмінамі зьняволеньня некалькі дзесяткаў (ці ўсё ж больш за сотню?) моладзевых актывістаў. Трапіцца на працэс да Паўлючук лічыцца найбольш непрымальным варыянтам.
А за што судзілі? За вялікія парушэньні — за палітычнае графіці, за дэманстрацыю пратэсту прадпрымальнікаў, за артыкул у інтэрнэце, за нецэнзурную лаянку і спраўленьне натуральнай патрэбы ў грамадзкім месцы. Ці ня сьмешна?
Усе гэтыя абсурдныя абвінавачваньні судзьдзямі Ільіной, Паўлючук і Есьман прымаліся за чыстую манэту. Напэўна, ім у галаву не магло прыйсьці вынесьці апраўдальныя прысуды. І разам з тым, гэтыя судзьдзі самі былі замяшаныя ў далёка ня самых чыстых справах. Як і пракуроры Купрыянаў, Сьнегір, якія таксама адзначыліся ў палітычных справах.
Сёньня стала крышачку больш зразумела, каго ставяць судзіць іншадумцаў.
Навіны па тэме
06.01.2009 Алену Ільіну, якая судзіла апазіцыянераў, знялі з пасады суддзі
12.12.2008 Працягваецца татальная дактыласкапія
25.11.2008 Прызначаная дата суду над Аляксандрам Баразенкам
19.11.2008 Адвакат Аляксандра Баразенкі не змог сустрэцца са сваім падабаронным
18.11.2008 Есьман будзе судзіць Баразенку
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








