Слонім: старшыня й сакратар участковай камісіі не зьявіліся ў суд
20.11.2008.
Тэгі: суды, выбары-2008, апазіцыянер.
Крыніца: Радыё «Свабода».
У Слонімскім раённым судзе разглядаецца пазоў былога кандыдата ў дэпутаты Івана Шэгі да старшыні й сакратара Чкалаўскай участковай выбарчай камісіі № 17.
Учора, 19 лістапада, ні старшыня камісіі, ні сакратар на паседжаньне суду не зьявіліся. У Беларусі такі судовы працэс адбываецца ўпершыню.
Пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў Іван Шэга, кандыдат у дэпутаты ад БНФ па Слонімскай выбарчай акрузе № 58, высьветліў, што на адным з участкаў за яго прагаласавала болей, чым было запісана ў пратаколе.
Разам зь сябрамі ініцыятыўнай групы ён абышоў выбарнікаў, і болей за 60 чалавек пісьмова засьведчылі, што галасавалі за яго, а афіцыйная лічба казала толькі пра 21 голас.
Іван Шэга падаў скаргу ў абласную пракуратуру й зьвярнуўся ў суд з пазовам на 20 мільёнаў рублёў да старшыні й сакратара камісіі.
Адказчыкі ў суд не зьявіліся, спаслаўшыся на занятасьць. Іван Шэга, у сваю чаргу, унёс хадайніцтвы.
І.Шэга: “Каб дапыталі каля 60 выбарнікаў з тых вуліц, якія адносяцца да таго выбарчага ўчастку. Яны далі згоду абнародаваць таямніцу свайго галасаваньня ў судзе”.
На паседжаньні суд задаволіў хадайніцтва Івана Шэгі — перанесьці працэс, каб ён адбываўся ў прысутнасьці адказчыкаў.
Іван Шэга схільны лічыць, што адказчыкі не зьявіліся ў суд невыпадкова:
“Такіх спраў яшчэ суды не разглядалі, і я думаю, што ўсё заранёў было распрацавана, каб сёньня суд даў заключэньне, што мой пазоў ня мае падстаў”.
Судовае паседжаньне перанесена на 3 сьнежня. Нагадаем, што Іван Шэга падчас галасаваньня набраў, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, 24% галасоў выбарцаў. Ягоны супернік, старшыня Слонімскага райвыканкаму Мечыслаў Касьцюк, які стаў дэпутатам, атрымаў звыш 60%.
Навіны па тэме
09.01.2009 6000 подпiсаў за рэферэндум у Магiлёве сабралi прадпрымальнiкi рынку мiкрараёна «Саломiнка»
31.12.2008 Суд на Новы год
29.12.2008 10 мільёнаў рублёў за пасквілі
24.12.2008 Суд па справе царквы "Новае жыццё" зноў перанесены
22.12.2008 У суд па годнасьць
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








