Віцебск: праваабаронцу не далі дазволу на пікеты
02.12.2008.
Тэгі: праваабаронцы, пікет, адмова, 60 год прыняцця Дэкларацыі правоў чалавека.
Крыніца: Радыё «Свабода».
Сябра БХК Павал Левінаў меркаваў правесьці шэраг пікетаў да 60-х угодкаў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, якія адзначаюцца сёлета.
У адказ на ягоную заяўку з гарвыканкаму прыйшла адмова за подпісам намесьніка старшыні Паўла Лосіча. Спадар Лосіч адмовіў праваабаронцу з тае прычыны, што пікеты меркавалася правесьці ў жылых мікрараёнах, а не ў адмыслова вызначаных гарвыканкамам месцах — ва ўскраінных гарадзкіх парках.
Таксама заяўніку было ўказана на тое, што ён не заключыў дамовы на міліцэйскую ахову ўдзельнікаў вулічнай акцыі.
Павал Левінаў нагадаў, што летась ён таксама прасіў дазволу на правядзеньне пікетаў напярэдадні Дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 сьнежня, і таксама атрымаў адмову ад Паўла Лосіча на аналягічных падставах.
Тады спадар Левінаў палічыў гэта парушэньнем свайго права на свабоду выказваньня і на правядзеньне мірных сходаў — менавіта так падобныя вулічныя акцыі называюцца ў міжнародных прававых дакумэнтах. Таму цягам мінулага году праваабаронца спрабаваў пакараць чыноўніка праз суд.
Прайшоўшы ўсе беларускія судовыя інстанцыі і не знайшоўшы падтрымкі, спадар Левінаў зьвярнуўся ў камітэт ААН па правах чалавека, і там ягоную скаргу прынялі да разгляду.
Сёлета сябра БХК гатовы паўтарыць усю працэдуру ад пачатку: ён ужо падаў новую скаргу ў суд на дзеяньні намесьніка старшыні гарвыканкаму Паўла Лосіча.
Навіны па тэме
09.01.2009 У Беларусі пашыраецца практыка выкарыстаньня Узброеных сілаў як сродка барацьбы з іншадумцамі
09.01.2009 Чарговая амністыя: вызваліць турмы, каб зноў запоўніць?
26.12.2008 У Наваполацку ганьбяць праваабаронцаў
26.12.2008 Шаноўныя сябры, чытачы нашага сайту, прыхільнікі і аднадумцы!
20.12.2008 Віцебскага падлетка Максіма Андрэева адабралі ў маці і змясцілі ў інтэрнат – без судовага рашэння
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








