Страйк на метрапалітэне 10 гадоў таму – першы палігон для адпрацоўкі сілавога ціску на вулічныя акцыі ў Менску
17.08.2005.
17 жніўня Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі праводзіць інфармацыйную акцыю ў сувязі з 10-годзьдзем страйку на Менскім мэтрапалітэне. Паводле арганізатараў, некаторыя зьвесткі аб “гарачай” падзеі 1995 году будуць апублікаваныя ўпершыню, паведамляе радыё Свабода.Вядома, што праца менскага мэтро была паралізаваная ранкам 17 жніўня 1995-га году. Машыністы падземкі аб’явілі страйк пасьля зваротаў у органы ўлады, пракуратуру і нават суд наконт парушэньяў адміністрацыяй мэтрапалітэну калектыўнай дамовы і тарыфнага пагадненьня. Працаўнікі мэтро спадзяваліся на партнэрства і цывілізаваны дыялёг зь дзяржаўнымі структурамі. Аднак пачатак страйку сьведчыў: гэтага не атрымалася.
Палітыкі ў Беларусі цяпер гавораць, што пяцідзённы страйк быў першым палігонам для адпрацоўкі сілавога ціску на вулічныя акцыі ў Менску. Узгадваюцца таксама фільтрацыйныя пункты ў частках унутраных войскаў. Раней гэта былі спартыўныя залі, пасьля і цяпер – спэцыяльныя мэталёвыя ангары. На выкраданьне людзей у той час зьвяртае ўвагу старшыня Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў: “Яшчэ ў жніўні 1995 году Лукашэнка праводзіў рэпэтыцыі па выкраданьні людзей. Мяне родныя шукалі разам з замежнымі дыпляматамі. У КГБ, Пракуратуры і Міністэрстве ўнутраных спраў казалі: “Мы нічога ня ведаем, дзе ён знаходзіцца. Гэта ў іх нейкія ўнутраныя разборкі”. А на той час я знаходзіўся на Акрэсьціна, дзе мяне пад прымусам утрымлівалі, хаця я быў дэпутатам мясцовага Савету. Сяргей Антончык быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. А яго вазілі на базы ўнутраных войскаў, бо ня ведалі, што зь ім рабіць.
Паводле словаў Генадзя Быкава, за пяць дзён страйку было звольнена 56 машыністаў, сьлесараў і электрамэханікаў Менскага мэтрапалітэну. Лідэр Свабоднага прафсаюзу ўвесь мінулы час маўчаў, чаму гэтыя актывісты не атрымалі турэмныя тэрміны. Па словах Быкава, кіраўнікі спэцслужбаў тады, у 1995 годзе, адмаўляліся выконваць злачынныя загады, а пасьля 1996 году, за рэфэрэндумам, быў масавы зыход з КГБ старэйшых афіцэраў – ад маёра да палкоўніка, і шмат прыстойных людзей з КГБ звольнілася.
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








