Журналістам зноў не давалі працаваць на Кастрычніцкай плошчы
09.02.2010.
Тэгі: журналісты, незалежныя СМІ, міліцыя, беззаконне.
Крыніца: .
Увечары 8 лютага журналістам, якія асвятлялі акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, зноў груба перашкаджалі выконваць прафесійныя абавязкі.
Перашкоды чынілі ўжо апрабаваным раней спосабам невядомыя людзі ў цывільным, якія шчыльным колам захіналі дэманстрантаў ад журналістаў і закрывалі рукамі камеры аператараў.
Як распавёў прэс-службе ГА «БАЖ» журналіст БелаПАН Сяргей Пульша, журналісты былі пазбаўленыя магчымасці не толькі пагутарыць з дэманстрантамі, але нават падлічыць іх колькасць. Але, па яго ацэнках, невядомых у цывільным было прыкладна ўдвая больш, чым удзельнікаў акцыі.
За двума аператарамі БелаПАН — Васілём Сямашкам і Вольгай Кляшчук — традыцыйна хадзілі следам па некалькі асобаў у цывільным. Аднаго з «апекуноў» Васіля Сямашкі Сяргей Пульша наўпрост запытаў, навошта той перашкаджае законнай працы супрацоўнікаў СМІ. У адказ той запэўніў, што абсалютна нікому не перашкаджае, і пры гэтым працягваў захінаць аб’ектыў.
Па назіраннях журналіста, гэтым разам невядомыя нават не хавалі сваіх твараў і больш клапаціліся пра тое, каб не даць зняць разгон дэманстрацыі.
Журналісту Радыё «Свабода» Алегу Груздзіловічу, які таксама здымаў падзеі на відэа і ў адзін з момантаў адвёў ад аб'ектыву сваёй камеры руку невядомага маладога чалавека ў цывільным, той раз'юшана папярэдзіў: «Я зараз прымяню фізічную сілу!..»
Груба штурхалі і захіналі камеру аператару інтэрнет-рэсурсу charter97.org. (На сайце «Хартыі» змешчаны відэазапіс, які яскрава ілюструе гэта.)
«Пры гэтым АМАПаўцы ў цывільным не прадстаўляліся і не паказвалі ніякіх дакументаў, — падкрэслівацца ў матэрыяле, прысвечаным акцыі 8 лютага. — Супрацоўнікі міліцыі ў форме, якія знаходзіліся на плошчы, на просьбы журналістаў звярнуць увагу на невядомых нападнікаў не рэагавалі…»
Ва ўсіх журналістаў, якія сутыкнуліся з перашкодамі пры выкананні прафесійных абавязкаў 8 лютага, былі навідавоку журналісцкія пасведчанні — прычым, не толькі БАЖаўскія, але і рэдакцыйныя. Ніякага ўплыву на паводзіны людзей у цывільным гэта не аказвала.
Актывісты апазіцыі мелі намер зладзіць 8 лютага акцыю салідарнаці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам, якія роўна год утрымліваюцца ў следчым ізалятары. Акцыю разагналі ў лічаныя хвіліны, а яе ўдзельнікаў затрымалі. У той жа вечар усіх іх вызвалілі.
Навіны па тэме
11.03.2010 Суд па скарзе заснавальніка газеты «Наш дом» да Міністэрства інфармацыі пачнецца 23 сакавіка.
10.03.2010 Журналіста судзяць за самаўпраўства
10.03.2010 Жыхар Слуцка апынуўся ў рэанімацыі пасля збіцця міліцыяй
09.03.2010 Спыненая справа па выкраданьні Зміцера Дашкевіча
05.03.2010 СМІ ў Беларусі ў 2009 годзе
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма






