Чарнобыльскага ліквідатара і грамадзкага актывіста, інваліда другой групы Васіля Сіліверста з Калінкавічаў міліцыянты спрабавалі сілай даставіць у суд, але трапіў ён у шпіталь
10.04.2006.
Калінкавіцкія міліцыянты знайшлі Васіля Сіліверста ў Ельску 6 красавіка, дзе жыве ягоная 90-гадовая маці, якую той прыехаў наведаць. Міліцыянты патрабавалі, каб спадар Сіліверст неадкладна паехаў з імі ў Калінкавічы, а калі ён адмовіўся, ужылі сілу. Вырваўшыся, той забег да суседа, такога ж хворага чалавека, і яны зачынілі дзьверы. Міліцыянты заблакавалі дом, выклікалі супрацоўнікаў МЧС і з энэрганагляду. Гэта доўжылася амаль сем гадзін. Скончылася тым, што позна ўвечары прыйшла маці Сіліверста і выклікала "хуткую дапамогу", бо ў яго падняўся ціск.Калінкавіцкія міліцыянты паехалі за машынай "хуткай дапамогі" ў шпіталь. Там яны атрымалі даведку, што ліквідатар шпіталізаваны. І толькі тады вярнуліся ў Калінкавічы. Такія раптоўныя дзеяньні спадар Сіліверст тлумачыць тым, што 8 красавіка спаўняецца роўна два месяцы з таго дня, як на яго склалі пратакол аб адміністратыўным парушэньні. А згодна зь дзейным заканадаўствам, калі справу не разгледзелі цягам гэтага тэрміну, дык яна аўтаматычна спыняецца.
У Ельскім шпіталі Васіль Сіліверст правёў ноч з 6-га на 7-га красавіка, раніцай наступнага дня яго выпісалі. Кіраўнік рэанімацыйнага аддзяленьня Ігар Колчын радыё Свабодзе паведаміў, што здароўю актывіста ўжо нічога не пагражае: прыступы з прыкметамі стэнакардыі зьнятыя, кардыяграма нармальная.
Нагадаем: 8 лютага ў сельскім Доме культуры вёскі Сірод Калінкавіцкага раёну Васіль Сіліверст зрабіў заўвагу супрацоўніцы бібліятэкі з нагоды агітацыйнага стэнду зь біяграфіяй Аляксандра Лукашэнкі. Агітацыя за прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкі пост тады яшчэ не пачалася, і таму ён параіў зьняць агітацыйны матэрыял. Атрымаўшы адмову на сваю просьбу, Васіль Сіліверст зьняў біяграфію са стэнду сам. Пасьля гэтага супрацоўнікі Дому культуры выклікалі міліцыю.
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








