Галоўныя навіны
01.12.2008
Спыняецца крымінальны перасьлед у дачыненьні да актывістаў, падазраваных у выбуху ў Менску
06.11.2008
Алесь Бяляцкі: “Падставай для пераследу з боку ўладаў з’яўляецца цвёрдая і нязломная пазіцыя беларускіх праваабаронцаў”
05.11.2008
Экстрэмізм у “Свабодзе” не выяўлены?
28.10.2008
У Беларусі ізноў з’явіўся палітвязень
20.10.2008
Чатыры гады таму забілі Вераніку Чаркасаву
20.10.2008
Стартаваў фотаконкурс «Будзьма беларусамі!»
14.10.2008
Праваабаронцы становяцца неўязнымі ў краіны Шэнгенскага пагадненьня?
07.10.2008
Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, верасень 2008 году
29.09.2008
ПАРЛАМЕНЦКІЯ ВЫБАРЫ: ПРАВААБАРОНЦЫ АГУЧЫЛІ ПАПЯРЭДНІЯ ВЫСНОВЫ
28.09.2008
УВАГА! ПАВЕДАМЛЕННЕ ДЛЯ ЖУРНАЛІСТАЎ (Адноўлена)
27.09.2008
Перадвыбарчая агітацыя. Вынікі маніторынгу і высновы
20.09.2008
Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі і абагульненні


Таемны законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” плануецца разгледзець на веснавой сесіі Палаты прадстаўнікоў

14.03.2007.

На веснавой сэсіі, якая пачынаецца 2 красавіка, “палата прадстаўнікоў” мае разгледзець законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. Плянуецца ўзмацніць адказнасьць за спробы парушыць дзяржаўную манаполію на захаваньне інфармацыйнай таямніцы. Парушэньне заканадаўства будзе цягнуць дысцыплінарную, адміністрацыйную ці крымінальную адказнасьць, паведаміла Радыё Свабода.

Паводле афіцыйных зьвестак, Савет міністраў унёс праект закону “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” у “палату прадстаўнікоў” 1 сакавіка 2007 году. Аднак адказная за падрыхтоўку законапраекту да слуханьняў, намесьніца старшыні Пастаяннай камісіі ў пытаньнях прамысловасьці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтва Тацяна Сафроненка паведаміла, што пакуль ня можа абмяркоўваць гэты дакумэнт.

Згодна з паведамленьнем прэсавай службы “палаты прадстаўнікоў”, прыняцьцё закону кампэнсуе прававыя прабелы, якія тычацца доступу грамадзянаў да адкрытай інфармацыі публічнага характару, інфармацыйнай бясьпекі дзяржавы, абмену інфармацыяй, у тым ліку міжнароднага зьместу, а таксама адказнасьці перад законам.

Аднак сам тэкст законапраекту не афішуецца. На Нацыянальным прававым партале (pravo.by), дзе акумулююцца ўсе заканадаўчыя акты, дакумэнт існуе толькі ў якасьці анонсу. У апараце Саўміну кажуць, што цяпер прыняцьцё рашэньня залежыць ад дэпутатаў.

Кіраўнік цэнтра прававой дапамогі СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў патлумачыў ПЦ "Вясна", што ім пакуль невядомы зьмест згаданага законапректу: "Безумоўна, мы будзем прымаць пэўныя захады, каб правесьці ягоную экспертызу, аднак, як сьведчыць практыка, паўплываць на гэта дастаткова цяжка. Варта адзначыць, што шэраг новых палажэнняў, якія тычацца працы журналістаў і дзейнасці СМІ, рэгулююцца новым Адміністратыўным кодэксам краіны, які набыў моц з 1 сакавіка гэтага году. У рамках дзеючага заканадаўства ўжо прадугледжаны новыя меры адказнасьці, якія сталі для больш жорсткімі".

Рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі наконт таямнічасьці законапраекту ў інтэрвію Радыё Свабодзе зазначыў: " Ужо апрыёры ёсьць пэўныя сымптомы, якія прымушаюць насьцярожыцца мэдыя-супольнасьць. Напрыклад, келейнасьць абмеркаваньня, бо нельга ў інтэрнэце знайсьці праект закону. Па-другое, паводле назвы ён сугучны з законапраектам “Аб інфармацыйнай бясьпецы”, які некалькі гадоў таму ініцыяваў спадар Чаргінец. Тады праект выклікаў нэгатыўную рэакцыю ў грамадзтве і, мусіць, з-за гэтага быў схаваны пад сукно. Ці ня ёсьць гэта рымэйкам таго самага закону? Ну і, нарэшце, выказваньне дэпутата Забалотца ў інтэрвію БелТА наконт таго, што праз гэты закон, у прыватнасьці, будзе абмяжоўвацца інфармацыя, якая робіць замах на дзелавую рэпутацыю грамадзянаў і арганізацый. Гэта таксама вельмі насьцярожвае, бо ўявіце: любая крытыка ўраду ў мэдыях можа быць падагнаная пад гэты артыкул, і такім чынам перапыніцца яе распаўсюд".

Паводле Аляксандра Класкоўскага, ёсьць небясьпека, што пасьля ўхваленьня закону будзе ўведзеная ўскосная цэнзура ў інтэрнэце, які пакуль застаецца адзінай вольнай прасторай для выказваньня альтэрнатыўных думак.

Адным з ініцыятараў новаўводзінаў выступае Міністэрства сувязі. А менавіта гэтае ведамства і падпарадкаваны яму “Белтэлекам” кантралюе працу інтэрнэт-правайдэраў у Беларусі.

Пра новы законапраект можна прачытаць у інтэрвію намесьніка старшыні “палаты прадстаўнікоў” Сяргея Забалотца агенцтву БелТА. Забалоцец заявіў літаральна наступнае: прапануецца забараніць распаўсюд інфармацыі, якая замахваецца на гонар, годнасьць, дзелавую рэпутацыю грамадзянаў і юрыдычных асобаў. Абароне падлягае інфармацыя, незаконнае выкарыстаньне якой можа нашкодзіць яе ўладальніку ці карыстальніку.

Для забесьпячэньня захаваньня сьведчаньняў, якія ўтрымліваюцца ў дзяржаўных інфармацыйных сыстэмах, законапраект вызначае прававыя, арганізацыйныя і тэхнічныя захады абароны: дамовы паміж уладальнікам інфармацыі і карыстальнікам, асаблівы рэжым допуску на тэрыторыю, дзе знаходзяцца матэрыяльныя носьбіты інфармацыі, сыстэмы кантролю. За парушэньні заканадаўства вінаватыя будуць прыцягвацца да адказнасьці, у тым ліку і крымінальнай.

Дагэтуль спрэчкі паміж бакамі вырашаліся праз суд на падставе Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і тычыліся абразы гонару і годнасьці пацярпелага. Максымальным пакараньнем была матэрыяльная кампэнсацыя, вызначаная рашэньнем суду.

Яшчэ раней зьявілася інфармацыя, што існуе ўрадавая інструкцыя, згодна зь якой дзяржчыноўнікі нібыта ня могуць аднаасобна рабіць камэнтары на эканамічныя тэмы, а мусяць узгадняць агульную пазыцыю. Праўда, на адной з прэс-канфэрэнцый на пытаньне аб існаваньні такога распараджэньня віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў: ніякіх абмежаваньняў для чыноўнікаў няма. Аднак удакладніў: для тлумачэньня пазыцыі таго ці іншага ведамства ў кожным зь іх існуюць прэсавыя службы.

Дадаць камэнтар

Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары

Камэнтары

Камэнтароў да гэтага артыкулу няма

rating all.by Яндекс цитирования