Галоўныя навіны
01.12.2008
Спыняецца крымінальны перасьлед у дачыненьні да актывістаў, падазраваных у выбуху ў Менску
06.11.2008
Алесь Бяляцкі: “Падставай для пераследу з боку ўладаў з’яўляецца цвёрдая і нязломная пазіцыя беларускіх праваабаронцаў”
05.11.2008
Экстрэмізм у “Свабодзе” не выяўлены?
28.10.2008
У Беларусі ізноў з’явіўся палітвязень
20.10.2008
Чатыры гады таму забілі Вераніку Чаркасаву
20.10.2008
Стартаваў фотаконкурс «Будзьма беларусамі!»
14.10.2008
Праваабаронцы становяцца неўязнымі ў краіны Шэнгенскага пагадненьня?
07.10.2008
Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, верасень 2008 году
29.09.2008
ПАРЛАМЕНЦКІЯ ВЫБАРЫ: ПРАВААБАРОНЦЫ АГУЧЫЛІ ПАПЯРЭДНІЯ ВЫСНОВЫ
28.09.2008
УВАГА! ПАВЕДАМЛЕННЕ ДЛЯ ЖУРНАЛІСТАЎ (Адноўлена)
27.09.2008
Перадвыбарчая агітацыя. Вынікі маніторынгу і высновы
20.09.2008
Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі і абагульненні


“Дзень Волі – найлепшая нагода, каб паказаць сьвету і самім сябе, што мы народ паўнавартасны, што мы здольныя ня толькі быць гаспадарамі ў сваёй краіне, але што мы здольныя быць добрымі гаспадарамі”, -- заяўляе у Звароце да беларускага народу Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла

22.03.2007.

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла зьвярнулася са зваротам да беларускага народу з нагоды 89-ых угодкаў абвяшчэньня БНР. “Зь вялікай надзеяй зьвяртаюся сёньня да ўсіх Вас, дарагія мае суродзічы Беларусы, дома і на чужыне: пакажыце ў дзень 25-га Сакавіка, што мы зьяднаны народ і што разам мы здольныя адрадзіць наш край, каб перадаць нашым дзецям і ўнукам не “апошнюю дыктатуру ў Эўропе”, а вольную Беларускую Народную Рэспубліку”, -- гаворыцца ў звароце старшыні Рады БНР, тэкст якога прыводзіцца ніжэй:

“Дарагія Суродзічы Беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам – Днём 25-га Сакавіка.

25 сакавіка 1918 году Беларускі народ абвясьціў сьвету, што ён скідае з свайго краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці і абвяшчае Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай і вольнай дзяржавай.

На жаль, ня змог тады наш аслаблены вайною народ абараніць сваю маладую Рэспубліку ад новай няволі. І ня мелі мы прыяцеляў у сьвеце, якія б за нас заступіліся. Пачаўся новы перасьлед. Чужакі гэтым разам фізычна нішчылі нашых найлепшых людзей, выкаранялі нашую мову, нашыя адвечныя хрысьціянскія каштоўнасьці. Нішчылі нас і казалі, што яны нашыя “браты”.

І на жаль, некаторыя з нас ім паверылі. А дасюль верылі. Толькі падзеі апошняга часу іх пераканалі, што народ наш зажыве шчасьліва адно тады, калі будзе сам гаспадаром у сваёй хаце.

Дарагія Суродзічы, нашая будучыня сёньня ў нашых руках. Ад нас залежыць, ці мы будзем гаспадарамі ў сваёй хаце, ці будзем надалей жыць, дастасоўваючыся да чужых жаданьняў.

Нашае нацыянальнае сьвята – Дзень Волі – найлепшая нагода, каб паказаць сьвету і самім сябе, што мы народ паўнавартасны, што мы здольныя ня толькі быць гаспадарамі ў сваёй краіне, але што мы здольныя быць добрымі гаспадарамі. Адзінае, чаму нам трэба зноў навучыцца – гэта любіць і шанаваць адзін аднаго, бо ўсе мы Беларусы, усе мы сыны і дочкі тае самае беларускае зямлі.

Дык зь вялікай надзеяй зьвяртаюся сёньня да ўсіх Вас, дарагія мае суродзічы Беларусы, дома і на чужыне: пакажыце ў дзень 25-га Сакавіка, што мы зьяднаны народ і што разам мы здольныя адрадзіць наш край, каб перадаць нашым дзецям і ўнукам не “апошнюю дыктатуру ў Эўропе”, а вольную Беларускую Народную Рэспубліку.

Дык памажы нам Божа!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі”

Дадаць камэнтар

Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары

Камэнтары

Камэнтароў да гэтага артыкулу няма

rating all.by Яндекс цитирования