“Адраджэньнем карнай псіхіятрыі ў Рэспубліцы Беларусь у духу брэжнеўскіх застойных гадоў”, -- назваў прымусовае зьмяшчэньне актывісткі Крысьціны Шацікавай ў псіхіятрычную бальніцу праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
26.03.2007.
У гэтыя хвіліны у Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы, што па вуліцы Сурганава, адмысловая камісія вызначае псіхічны стан Крысьціны Шацікавай.Нагадаем, што ў пятніцу ўвечары, 23 сакавіка, ў цэнтры Магілёва невядомыя запіхнулі актывістку АГП і Маладога фронту Крысьціну Шацікаву ў чырвоны аўтамабіль “Ніва” і некуды павезьлі. Да суботняга вечара пра ейны лёс нічога не было вядома. Пра зьнікненьне Крысьціны Шацікавай яе маці Сьвятлане паведаміў па тэлефоне невядомы — ён назваўся прадстаўніком АБСЭ. З вялікай цяжкасьцю ў прысутнасьці журналістаў урачы прызналіся маці, што Шацікава ўтрымліваецца менавіта тут, у 8 аддзяленьні.
“Адраджэньнем карнай псіхіятрыі у Рэспубліцы Беларусь у духу брэжнеўскіх застойных гадоў”, -- назваў гэтае прымусовае зьмяшчэньне актывісткі ў псіхіятрычную бальніцу праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
-- Паводле Закону аб псіхіятрычнай дапамозе, такая дапамога аказваецца асобе толькі з ягонай згоды. А выключэньне прадугледжана толькі адно: калі асоба прадстаўляе небяспеку для людзей, якія знаходзяцца побач або для ўласнага здароўя. Шацікава была затрымана на вачах у сяброў у цэнтры горада невядомымі ў цывільным, якія запхнулі яе ў аўтамабіль і зьвезьлі ў невядомым накірунку. Затым яе не змаглі доўга адшукаць ні родныя, ні сябры. Пракуратура павінна даць ацэнку дзеяньням медыкам, якія ўтойвалі інфармацыю пра месца ўтрыманьня Крысьціны Шацікавай.
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








