Актывістаў пазбаўленага рэгістрацыі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў пачалі выклікаць у пракуратуру
18.06.2007.
Тэгі: студэнты, ЗБС.
Крыніца: Радыё «Свабода».
Актывістаў пазбаўленага рэгістрацыі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў пачалі выклікаць у пракуратуру.
Яўген Іванюк кажа, што першыя званкі пачаліся напярэдадні суду над актывістамі “Маладога фронту”. Дванаццаць чалавек мусілі наведваць пракуратуру амаль штодня цягам апошняга тыдня. Ня ўсе пагадзіліся прыйсьці бяз позвы. Тым, хто прыйшоў, сп.Куксо ўручыла папярэджаньне. Гаворыць Яўген Іванюк: “Далі паперу, у якой напісана: “У менскай гарадзкой пракуратуры маецца інфармацыя аб тым, што вы зьбіраецеся арганізаваць і дзейнічаеце ў арганізацыі “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў”, якая была ліквідаваная ў 2001 годзе... Мы вас афіцыйна папярэджваем, што ў Крымінальным кодэксе ёсьць артыкул і, калі вы будзеце працягваць, мы вас прыцягнем да адказнасьці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі”. Ну, гэта хутчэй за ўсё спроба запалохаць усе моладзевыя арганізацыі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Наўрад у іх гэта атрымаецца, таму што моладзь усё роўна будзе зьбірацца і ладзіць свае акцыі”.
Актывісты зьліквідаванай студэнцкай арганізацыі лічаць, што супрацоўнікі КДБ маюць сьпісы некаторых сяброў ЗБС. Сьпісы складаліся ў міліцыі пасьля затрыманьняў.
“Партнэрства”, “Малады Фронт”... Наступнае – ЗБС?
Летась 22 сьнежня спэцназаўцы затрымалі каля дваццаці актывістаў згуртаваньня падчас вечарыны ў прыватнай кватэры і адвезьлі усіх у міліцыю Савецкага раёну. Некалькі чалавек, у тым ліку Алеся Міхалевіча, абвінавацілі ў дробным хуліганстве.
Сёлета 10 лютага супрацоўнікі КДБ і міліцыі затрымалі больш за тры дзесяткі актывістаў арганізацыі, калі тыя за горадам намагаліся правесці ўстаноўчы сход.
Актывісты ЗБС ня выключаюць, што пракуратура можа ў хуткім часе распачаць крымінальную справу супраць некалькіх сяброў арганізацыі. У гэтым выпадку ЗБС стане трэцяй моладзевай арганізацыяй пасьля “Партнэрства” і “Маладога фронту”, сяброў якой прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Навіны па тэме
11.10.2008 Два менскія студэнты стварылі электронную энцыкляпэдыю Беларусі
08.10.2008 За паўгода ў Гомелі збілі трох замежных студэнтаў
06.10.2008 Замежныя студэнты Гомельскага медуніверсітэта не вышлі на заняткі
25.09.2008 «Ня дай сябе загнаць!» -- акцыя студэнтаў супраць датэрміновага галасавання
25.09.2008 Гродзенскіх студэнтаў гоняць на выбары
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








